Хацеў навесці парадак… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Хацеў навесці парадак…

4 октября 2016 - Administrator
article2709.jpg

 79-гадовы жыхар в. Выганашчы, сабраўшы вырашчаную бульбу,  вырашыў спаліць бульбоўнішча разам з пустазеллем. Але ён не збіраў яго ў кучы, як гэта звычайна робяць вяскоўцы і дачнікі, а запаліў проста раскіданае па зямлі. Пры гэтым гаспадар не ўлічыў, што ягоная сядзіба месціцца паміж нежылых падворкаў: па два з кожнага боку. А пакінутыя сядзібы, як правіла, вызначаюцца рослым пустазеллем ды бадыллём.  Ад бульбоўнішча падганяемае ветрам полымя дайшло да сухой з-за вераснёўскай, ды і яшчэ жнівеньскай засухі пажухлай травы. Трава загарэлася. А далей здарылася непапраўнае: па траве полымя імгненна распаўсюдзілася на нежылыя сядзібы адначасова ў два бакі…


Вынік такога легкадумства даволі сумны і абуральны: на адным суседнім нежылым падворку ў попел ператварылася летняя кухня і гаспадарчы хлеў, а на другім агонь знішчыў тры збудаванні: на месцы летняй кухні засталася толькі печ, згарэў склеп і гаспадарчы драўляны хлеў. Далей па траве полымя распаўсюдзілася ў сярэднім у радыусе 40 м. 
Пасля здарэння дзядуля даволі доўга не прызнаваўся ў сваім паленні бульбоўнішча і травы, не лічыў сябе вінаватым у такім буйным пажары. На яго карысць вуліца маланаселеная і таму відавочцаў пачатку здарэння было мала, але ж яны былі.

Нагадаем,  што паленне сухой расліннасці на корані катэгарычна забаронена. Гэта ж тычыцца і прысядзібных участкаў. Усе павінны ўлічваць сітуацыю, якая склалася на палях, лугах, тарфяніках і ў лясах з-за працяглай засухі. Прайшоўшыя кароткачасовыя дажджы нязначна памянялі сітуацыю. Паліць жа смецце, тое ж бульбоўнішча і пустазелле дазваляецца ў ціхае, бязветранае надвор’е не бліжэй за 10 м ад пабудоў. Гарэнне павінна суправаджацца пастаянным кантролем да поўнага затухання. Пры сабе неабходна мець рыдлёўку і вядро з вадой.  Усялякую расліннасць вакол вогнішча неабходна ўбраць, прарабіўшы мінералізаваную паласу.
Недапушчальна што-небудзь спальваць на тарфяной глебе.

Паважаныя жыхары раёна! Не дазваляйце людзям састарэлага ўзросту (бацькам, дзядулям і бабулям, іншым сваякам і суседзям) распальваць кастры з мэтай нешта спаліць. Магчыма, з-за сваёй нямоглай старасці яны ўжо не здольныя дасканала кантраляваць свае дзеянні, асабліва пры карыстанні агнём і яго крыніцамі.
Будзьце асцярожныя з агнём! Засцеражыцеся ад пажару!
Комментарии (0)
Добавить комментарий