Хай ніколі такое не здарыцца, — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Хай ніколі такое не здарыцца,

19 апреля 2018 - Administrator
article3896.jpg

  але ўмець і ведаць трэба…

12 красавіка ў Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы на трэцім  паверсе, дзе знаходзіцца аддзяленне неўралогіі, прагучаў сігнал пажарнай трывогі. Скрозь дым персанал спешна эвакуіруе пацыентаў,  імчацца на выклік спецмашыны выратавальнікаў… Усё гэта адбывалася на самой справе – у межах пажарна-тактычнага вучэння, у якім, акрамя супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прымаў удзел і медыцынскі персанал райбальніцы. 

Умовы вучэння былі максімальна набліжаны да рэальнасці. Персанал дзейнічае па адпрацаванай схеме: тэлефануе ў «101» і галоўнаму ўрачу з паведамленнем аб пажары і месцы ўзгарання, гэтую інфармацыю таксама перадаюць у электраслужбу бальніцы — памяшканні трэба абясточыць. Пачынаецца эвакуацыя пацыентаў. Да месца ўмоўнага ўзгарання прыбыў пажарны разлік. Па легендзе вучэння, узгаранне адбылося ў палаце №8, а ў палаце №11 застаўся адзін з пацыентаў. Сітуацыя ўскладнялася тым, што пацыент быў ляжачым.  Пасля таго, як медперсанал эвакуіраваў пацыентаў, на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі РАНС. Яны прыступаюць да абследавання памяшканняў і пошуку пацярпелых.  У адной з палат знаходзяць «пацярпелага». Мужчыне апранаюць маску і эвакуіруюць у бяспечнае месца. А потым прыступаюць да тушэння пажару. Неўзабаве ўмоўны пажар быў лакалізаваны і ліквідаваны.

 
Супрацоўнікамі РАНС былі адпрацаваны маршруты эвакуацыі людзей з будынка, праверана спраўнасць пажарнай сігналізацыі, праведзена навучанне персаналу ЦРБ па правілах выкарыстання першасных сродкаў пажаратушэння.

– Мэта вучэнняў  заключаецца ў праверцы гатоўнасці як аператыўных службаў, так і персаналу бальніцы аператыўна рэагаваць на выпадкі ўзгарання, а таксама ва ўдасканальванні ўзаемнага супрацоўніцтва, – расказаў намеснік начальніка аддзела па аператыўна-тактычнай рабоце Раман Саладоўнік. – Бальніца ўяўляе сабой аб'ект павышанай увагі, бо там адначасова знаходзіцца вялікая колькасць чалавек, у тым ліку пацыенты, якія не могуць перамяшчацца самастойна. У сувязі з гэтым, важна распрацаваць план дзеянняў і наладзіць узаемнае супрацоўніцтва, каб у выпадку ўзгарання паспяхова прайшлі і эвакуацыя, і выратаванне. У ходзе вучэнняў таксама адпрацоўваліся пытанні апавяшчэння і паведамлення аб пажары, правядзенне эвакуацыі пацыентаў і медперсаналу, уменне медперсаналу карыстацца першаснымі сродкамі пажаратушэння, праверка працаздольнасці ўсіх спецсродкаў у бальніцы. Асаблівую ўвагу звярталі на стан эвакуацыйных аварыйных выхадаў. Такія вучэнні дазваляюць быць упэўненымі ў правільнасці дзеянняў персаналу ў выпадку магчымага здарэння. Так, сумеснымі намаганнямі медыкі і пажарныя робяць усё, каб трывога заставалася толькі вучэбнай.

Як адзначыў галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч, аддзяленне неўралогіі для правядзення вучэння было выбрана нездарма. Адміністрацыя раённай бальніцы адказна сочыць не толькі за лячэннем пацыентаў, але і за іх бяспекай.
– Кантынгент аддзялення, часцей за ўсё, – гэта цяжкахворыя ці пажылыя людзі,  таму ўзнікаюць складанасці з іх перамяшчэннем. Сёння тут было 38 пацыентаў, 18 з якіх ляжачыя, – адзначыў ён. – Гэтыя вучэнні дазваляюць персаналу ўстановы адпрацаваць алгарытм дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый у рэжыме рэальнага часу, паколькі ўмовы вучэнняў максімальна набліжаны да рэальнасці. Супрацоўнікі аддзялення правялі эвакуацыю зладжана, без мітусні. Кожны супрацоўнік ведаў свае абавязкі, і пацыенты былі эвакуіраваны на працягу 7 хвілін, строга па інструкцыі. Пасля вучэнняў мы разам з супрацоўнікамі РАНС сабраліся, каб абмеркаваць тыя пытанні, якія ўзніклі падчас вучэння. Заўвагі па некаторым пытанням ліквідавалі адразу ж, некаторыя ўзялі, як гаворыцца, “на аловак”.

Цяпер, у выпадку рэальнага ўзгарання ў раённай бальніцы, медработнікі і выратавальнікі спрацуюць яшчэ больш аператыўна і якасна. Спадзяёмся, што свае навыкі ім ўсё ж такі не прыйдзецца прымяняць на практыцы, але, як гаворыцца: цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі. А аператыўнасць і вопыт падчас падобных здарэнняў – галоўная зброя і медыцынскага персаналу, і выратавальнікаў.

 

Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий