Хутка летнія канікулы... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Хутка летнія канікулы...

article3141.jpg

 Вясенне-летні перыяд лічыцца пажаранебяспечным не толькі з-за часам засушлівага, спякотнага надвор’я. Спрыяюць росту колькасці пажараў у гэты час і дзіцячае свавольства з агнём. Два гады запар у раёне рэгіструецца па два пажары, віноўнікамі якіх сталі малалетнія дзеці.

 Так, у агр. Горталь па віне 7-гадовага хлопчыка гарэў гаспадарчы хлеў на сядзібе бацькоў. Куды з большым размахам пагулялі з запалкамі каля саламяных сцірт тады яшчэ СВК “Новыя Стайкі” дзесяцігадовыя хлопчык і дзяўчынка. У выніку болей за паўтары тысячы тон саломы прыйшло ў поўную непрыгоднасць.

 У рэспубліцы летась сямёра малалетніх дзяцей загінулі падчас пажараў. Двое дзяцей сталі ахвярамі пажараў у рэспубліцы ўжо сёлета. А калі да вогненных здарэнняў дабавіць іншыя надзвычайныя здарэнні па віне ці з удзелам дзяцей, якія кожнае лета рэгіструюцца, то малюнак становіцца даволі сумны.

Аднак усіх такога роду непрыемнасцяў і трагедый можна пазбегнуць, калі з самага ранняга ўзросту пачаць вучыць дзяцей асцярожнасці і абачлівасці. І не толькі пры абыходжанні з агнём. Часцей за ўсё віноўнікамі альбо ахвярамі розных здарэнняў становяцца дашкольнікі. Лепей, вядома, прыслухацца да парад выратавальнікаў і ніколі не пакідаць малалетніх дзяцей адных без нагляду.  Злачынна пакідаць дзяцей ў кватэры ці доме, зачыніўшы іх на замок. Лепей прывыучыць дзяцей не адчыняць дзверы чужым людзям. Што тычыцца пажару, то аднымі забаронамі чапаць запалкі і запальніцы многага не даб’ешся. Па-першае, дзяцей трэба вучыць уласным прыкладам. Бо калі выратавальнікі, настаўнікі і выхавацелі гавораць аб небяспецы агню, а дома пастаянна на вачах у дзіцяці груба парушаюцца элементарныя правілы пажарнай бяспекі, то хутчэй за ўсё асновай ведаў стане прыклад бацькі ці маці.

Калі ж даводзіцца пакідаць дзіця ў адзіноце, то папярэдзіце, што ў выпадку паху гары і дыму ў пакоі дзіця не павінна хавацца, не павінна губляць каштоўныя хвіліны на пошукі таго, што загарэлася. Спробы самастойна патушыць гарэнне наўрад ці прывядуць да суцяшальнага выніку. Зрэшты, малое павінна пакідаць дом ці кватэру, выбягаць і клікаць на дапамогу дарослых. Такім чынам дзіця павінна паступіць і ў выпадку спрацоўкі апавяшчальніка. Дарэчы, калі ў вашым доме яшчэ няма АПА, то паспяшайцеся яго набыць і ўстанавіць: страты ад пажараў куды большыя, чым кошт самога АПА.

Памятайце, што небяспеку для малога дзіцяці ўяўляе не толькі агонь. Увогуле, навучыце дзіця засцерагацца ад трох небяспек: агню, вады і дарогі. Нават невялічкая пасудзіна, запоўненая вадой, уяўляе сур’ёзную небяспеку для малога дзіцяці. Вокны вышэй другога паверху, бытавыя газавыя прыборы, электрычныя прыборы (асабліва-награвальныя) – усё гэта тоіць вялікую небяспеку.

Калі адпраўляеце на выхадныя дні ці на канікулы дзяцей школьнага ўзросту ў вёску да бабуль, то папярэдне абавязкова правядзіце своеасаблівы інструктаж наконт бяспечных паводзін. Акрамя забароны гульні з агнём, дзеці павінны ўцяміць, што небяспечна гуляць у дварах пакінутых, нежылых, напаўразбураных сядзіб, а таксама неэксплуатуемых   будынкаў сельгасвытворчасці на тэрыторыях фермаў ці майстэрань. Часта даводзіцца бачыць малых дзяцей на тэрыторыях жывёлаводчых фермаў. Дык майце на ўвазе, што паводзіны любой жывёліны непрадказальныя.

І яшчэ: абавязкова вывучыце са сваім малым сынам ці дачкой прозвішча і дамашні адрас. Добра, калі дзіця ведае тэлефоннныя нумары службы выратавання і іншых службаў экстранай дапамогі, тэлефонныя нумары бацькоў. Згадзіцеся, выглядае болей, чым абсурдным, калі шасцігадовае дзіця ў дзіцячым садзе не можа назваць не толькі свой дамашні адрас, але сваё прозвішча, назву населенага пункта, дзе жыве. І гэта нельга ставіць у віну выхавацелям. Найперш, гэта не віна  бацькоў, што не навучылі. І непатрэбна спасылацца на непамерную занятасць. Што можа быць даражэй здароўя і жыцця свайго дзіцяці.

Беражыце дзяцей і жывіце бяспечна.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

 

 


Комментарии (0)
Добавить комментарий