Як рыхтуемся да новага навучальнага года — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Як рыхтуемся да новага навучальнага года

13 августа 2013 - Александра Джежора
article525.jpg

 

Хутка распачнецца новы навучальны год. Гэта, несумненна,  адказная пара не толькі для педагагічных калектываў устаноў адукацыі, вучняў і іх бацькоў, але і для ўсіх службаў, зацікаўленых у небяспечнасці знаходжання дзяцей у школах ці дзіцячых садках. Цікавячыся, як ідзе падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях  ў складзе камісіі наведалі некаторыя школы і дзіцячыя садкі Целяханшчыны.

На тэрыторыі ДУА “Руднянская базавая школа” у вочы адразу кідаюцца вялізарныя штабелі нарыхтаваных на зіму дроў для кацельні: яны складзіруюцца на тэрыторыі школы у супрацьпажарных разрывах паміж будынкамі (на здымку 1). Кацельная перададзена на баланс ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”. Трэба было б неяк размежаваць тэрыторыю і адвесці для складзіравання дроў вызначаную плошчу.  У самой школе на калідоры пакладзены ліноліум, што пярэчыць патрабаванням Правілаў пажарнай бяспекі, бо гэта ж шляхі эвакуацыі.  Варта перавесіць вогнетушыцелі, якія павінны быць размешчаны на сцяне на адлегласці 1,2 метра ад дзвярных праёмаў. Пытанні правільнага размяшчэння вогнетушыцеляў тычыцца многіх ўстаноў адукацыі: калі вытрымліваецца вышыня не болей за 1,5 метра  ад падлогі да ніжняга тарца вогнетушыцеля, то вогнетушыцель альбо перашкаджае адкрыванню дзвярэй, альбо аказваецца закрытым дзвярыма. Гэтае ж парушэнне назіраецца і ў Рэчкаўскім дзіцячым садку (на здымку 2). Тут жа няспраўная сістэма пажарнай сігналізацыі. У памяшканнях харчблока і пральні электраразмеркавальныя каробкі не закрытыя накрыўкамі. Вельмі ўразіла тое, што намеснік загадчыцы ўстановы па гаспадарцы зусім не ўмее карыстацца вогнетушыцелем. На дапамогу прыйшлі памочнікі выхавацеляў, але ж менавіта загадчыца гаспадаркі садка і павінна інструкціраваць увесь абслугоўваючы персанал. У садку абсталяваны не толькі вугалкі бяспекі для выхаванцаў, але і для бацькоў.

Адзінай школай, дзе нягледзячы на водпуск,  кіраўнік знаходзіўся на сваім працоўным месцы была Рэчкаўская сярэдняя школа. Яе дырэктар Віктар Пазняк заклапочана, па-гаспадарску,  разважае аб прывядзенне своёй школы ў належны стан ва ўсіх адносінах. Вось толькі згаральная аддзелка сцен на калідорах псуе ўвесь выгляд. Гэтае парушэнне захоўваецца на працягу многіх гадоў і можа быць ухілена толькі пры вядзенні капітальнага рамонта. Персанал школы, у прыватнасці,  работніцы сталоўкі, прадэманстравалі свае здавальняючыя веды дзеянняў пры пажары.

А вось персанал Гортальскага дзіцячага садка трапіў у складаную сітуацыю нават пры высвятленні тэлефоннага нумара пажарнай службы. Не ўсе работнікі садка могуць правільна карыстацца парашковымі вогнетушыцелямі.

Поўным ходам ідзе рамонт у ДУА “Гортальская СШ”, аднак у гэты час не варта было адвозіць на перазарадку адразу  усе вогнетушыцелі. У такім выпадку трэба мець некалькі вогнетушыцеляў у рэзерве. Дарэчы, тэрмін перазарадкі вогнетушыцеляў заканчваецца напрыканцы жніўня амаль ва ўсіх установах адукацыі і таму з перазарадкай трэба паспяшаць. У школе абноўлены вугалкі пажарнай бяспекі. Аднак ёсць недахопы ў стане электраабсталявання: не замацаваны выключальнік у памяшканні сталовай, а электраправады да фанара вулічнага асвятлення на ганку злучаны скруткай. Страцілі сваю моц батарэйкі ў аўтаномных пажарных апавяшчальніках.

Неабходна правесці дадатковыя інструктажы па пажарнай бяспецы з усім калектывам ДУА “Крайская СШ”, бо  ніхто з тых, каго мы пабачылі падчас прыезду ў школу так і не змог патлумачыць свае дзеянні на выпадак пажару ці іншага здарэння. Разам з гэтым здзіўляе і той факт, што вось ужо больш за  месяц пажарная служба мае два тэлефонныя нумары выкліку:“101” і “112”, а вось пра апошні ніхто з апытаных не чуў, хоць інфармацыя прайшла  ў раённых сродках масавай інфармацыі яшчэ ў чэрвені. У той жа Крайскай сярэдняй школе назіраецца даволі высокая загрувашчанасць згаральнымі матэрыяламі падвальнага памяшкання

(сюды знесены старыя сталы, парты, розныя іншыя матэрыялы. У дабавак не ўсе электралямпачкі ў падвале пры наяўнасці згаральных матэрыялаў закрытыя ахоўнымі плафонамі (на здымку 3).

 Зноў прыемна ўразіла дзіцячая гульнёвая пажарная пляцоўка дзіцячага садка №3 г.п. Целяханы. Тут і конік з возам( на здымку 4,5), на якім бочка з вадой, і пажарная вышка разам з пунктам сувязі, і пажарная машына. Усё гэта  выраблена з  дрэва і дзеці ў сваіх гульнях скарыстоўваючы даныя кампазіцыі, адначасова вывучаюць правілы пажарнай бяспекі. Ва ўсім адчуваецца прафесіяналізм выхавацеля ў асобе загадчыцы садка Галіны Пазняк.

У дзіцячым  садку №4 г.п. Целяханы  выхавацелі і іх памочнікі далі грунтоўныя адказы на ўсе пытанні, якія тычыліся пажарнай бяспекі. Дарэчы, Целяханскія дзіцячыя садкі вызначаюцца арыгінальнасцю афармлення вугалкоў пажарнай бяспекі для выхаванцаў, дзе скарыстоўваюцца не толькі спецыяльная літаратура і іншыя дапаможнікі, але і мадэлі пажарных машын, макеты будынкаў, гульнёвы матэрыял і іншае, што часцей не куплена ў магазіне, а зроблена сваімі рукамі.

Апошнім аб’ектам рэйда  была ДУА “Целяханская СШ”. Парадавалі сваімі ведамі тэхнічка і гардэробшчыца, прыемнае ўражанне стварае абноўлены вугалок пажарнай бяспекі для школьнікаў, аднак не ўсе электралямпачкі ў падвальных памяшканнях закрытыя плафонамі, не працуе сістэма пажарнай сігналізацыі.

У гэтым артыкуле   адлюстраваны найбольш уласцівыя парушэнні і недахопы, якія трапляюцца на аб’ектах адукацыі. Да пачатку навучальнага года яшчэ ёсць час,  таму трэба спяшыць  выправіць недахопы.  Мэтай камісіі не было некага пакараць ці нешта забараніць, а найперш дапамагчы прывесці дзіцячыя садкі   і школы ў належны супрацьпажарны стан, зрабіць усё неабходнае для таго, каб школьны званок, які хутка пакліча дзяцей за парты, не аказаўся сугучным сірэнам пажарных машын.

 Аляксандр  Міскевіч, старшы  інжынер  Інспекцыі дзяржпажнагляду райаддзела па НС, Валерый  Молаш, старшы інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий