Кіналекторыі пра бяспеку — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Кіналекторыі пра бяспеку

article1724.jpg

Напярэдадні летніх школьных канікулаў выратавальнікі райаддзела па НС прыкметна актывізіравалі прафілактычную работу сярод дзяцей ў школах і дзіцячых садках. Сумесна з КУКП “Івацэвіцкая раённая кінавідэасетка” на працягу красавіка амаль ва ўсіх установах адукацыі апайшлі тэматычныя кіналекторыі пад агульнай назвай “Сам сабе МНС”. Старшакласнікам прапаноўваліся павучальныя відэаролікі з серыі “Сам сабе МНС”, а вучні малодшых класаў і выхаванцы дзіцячых садкоў глядзелі мультыплікацыйныя фільмы, дзе казачныя героі змагаліся з пажарамі і распавядалі наконт навальніцы. А прагляду відэафільмаў заўсёды папярэднічала грунтоўная, змястоўная  гутарка прадстаўніка раённай службы выратавання.

Дзеці разам са спецыялістам пажарнай службы абмяркоўвалі прычыны пажараў, разважалі наконт мераў засцярогі, алгарытму дзеянняў пры пажары ці іншай надзвычайнай сітуацыі. А яшчэ рабятам было сказана аб правілах перасцярогі не толькі пры карыстанні агнем, бяспечным паленні печаў ці эксплуатацыі электрабытавых прыбораў, але і пад час навальніцы, ў лесе.

Фіналам кожнага кіналекторыя былі конкурсы загадак (для дашкольнікаў) і супрацьпажарная віктарына “Стоп, агонь!”. Рабяты з непрыхаваным азартам імкнуліся даць адказ як мага хутчэй, дэманструючы навыперадкі свае дасведчанасць і веды ў вобласці асноў бяспечнай жыццядзейнасці. Найбольш дасведчанымі ў веданні асноў бяспекі жыццядзейнасці аказаліся вучні малодшых класаў школ райцэнтра, вучні Целяханскай, Вялікагацкай, Рэчкаўскай, Квасевіцкай, Стайкаўскай, Любішчыцкай і шэрагу іншых сярэдніх школ раёна, а таксама вучні Руднянскай, Выганашчанскай, Святавольскай, Хадакоўскай і Крайскай базавых школ. Свае неблагія веды наконт пажарнай бяспекі прадэманстравалі  і выхаванцы дзіцячых садкоў г. Івацэвічы, г. Косава і г.п. Целяханы, Гошчаўскага, Хадакоўскага і некаторых іншых дашкольных устаноў.

Тэматычныя кіналекторыі на працягу красавіка-мая прйшлі ва ўсіх дзіцячых школьных і дашкольных установах адукацыі раёна. Выратавальнікі спадзяюцца, што іх намаганні не пройдуць дарэмна і акажуць станоўчы ўплыў на аператыуную абстаноўку з пажарамі па прычыне дзіцячага свавольства з агнём.

 

В. Молаш, ст. інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий