Каб дзеці жылі ў бяспецы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каб дзеці жылі ў бяспецы

29 августа 2017 - Александра Джежора
article3382.jpg

Івацэвіцкія выратавальнікі надаюць шмат увагі бяспечным умовам жыцця дзяцей, асабліва дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. З мэтай кантролю супрацьпажарнага стану жылля і адпаведна арганізавання бяспечных умоў пражывання дзяцей інспектары ІНіП Івацэвіцкага райаддзела па НС Уладзіслава Пархомік і Віталій Пархомік правялі маніторынг жылля сем’яў у вёсках Стайкаўскага сельвыканкама, дзе выхоўваюцца малыя дзеці. Першай выратавальнікі наведалі вёску Няхачава.

Тут у першую чаргу былі агледзены і ацэнены на стан бяспечнасці прыборы ацяплення, а таксама электраабсталяванне ў дамах, стан эксплуатуемых электрабытавых прыбораў. Не засталіся па-за ўвагай і ўмовы, якія склаліся ў сем’ях і якія паўплывалі б на магчымасць дзіцяці авалодаць запалкамі ці запальніцамі.

З усімі дарослымі пад час маніторынгу былі праведзены прафілактычныя гутаркі аб мерах супрацьпажарнай бяспекі ў асенне-зімовы перыяд, аб небяспецы пакідаць малых дзяцей адных без нагляду. Пагутарылі прадстаўнікі раённай службы выратавання і з дзецьмі. І дарослыя, і дзеці наведаных сем’яў атрымалі тэматычныя брашуры і буклеты ад выратавальнікаў. А школьнікам дадаткова за адказы на зададзеныя пытанні былі падораны і расклады заняткаў з серыі прапагандыстскай кампаніі “Ганарымся, што навучылі!”.

Бацькі павінны стварыць для сваіх дзяцей бяспечныя ўмовы пражывання і ніколі не парушаць іх. Але і гэтага недастаткова: дзяцей змалку трэба навучаць бяспечным паводзінам, правільнаму карыстанню як самім агнём, так і яго крыніцамі: тымі ж электрапрыборамі, прыборамі ацяплення.

Нагадаю: з пачатку года ў нашым раёне зарыгістраваны два пажары па прычыне дзіцячага свавольства з агнём. Адбыліся яны ў вёсцы Коланск і аг.Святая Воля. Першаму падпальшчыку было 12 гадоў, другому – 8 гадоў.

Адзначу, што ў раёне праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя “У цэнтры ўвагі – дзеці!” , прыўрочаная да пачатку новага навучальнага года і накіраваная на прадухіленне пажарпаў і іншых надзвычайных здарэнняў па віне і з удзелам дзяцей.

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 


Комментарии (0)
Добавить комментарий