Каб канікулы прайшлі бяспечна... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каб канікулы прайшлі бяспечна...

article3038.jpg

 Напярэдадні вясенніх канікулаў у школьнікаў старшы  інспектар ГПіУГ Івацэвіцкага райаддзела па НС Валерый Молаш сустрэўся і пагутарыў наконт бяспекі ў гэты час з вучнямі пачатковых класаў ДУА «СШ №4 г. Івацэвічы”.

Хлопчыкам і дзяўчынкам зноў-такі было нагадана аб небяспецы свавольстваў з агнём і яго крыніцамі, аб правілах карыстання бытавымі электрычнымі і газавымі прыборамі. Паколькі пэўная частка школьнікаў на канікулярным тыдні можа апынуцца ў вёсках, наведаўшы сваіх дзядуль ды бабуль, то прадстаўнік раённай службы выратавання папярэдзіў хлопчыкаў і дзяўчынак, што нельга ператвараць у пляцоўку для гульняў тэрыторыю фермаў ці механічных майстэрань сельгаспадарак, што небяспеку тояць неэксплуатуемыя пабудовы, у прыватнасці – нежылыя сядзібы з хатамі без вакон і дзвярэй. Увесну дарожнікі рамантуюць  дарогі і таму аднаўляюцца пясочныя кар’еры, дзе таксама не варта знаходзіцца дзецям.

Дадаткова школьнікам было ўзгадана аб правілах паводзін пры пажары, сродках тушэння агню, іншых мерах перасцярогі.

Былі і ўрачыстыя хвіліны ўзнагароджання пераможцаў і актыўных ўдзельнікаў раённага этапа агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Школьнікі атрымалі свае Граматы, Падзячныя лісты, а таксама каштоўныя падарункі і сувеніры.

Такія ж прафілактычныя гутаркі выратавальнікаў з дзецьмі напярэдадні школьных канікулаў прайшлі таксама ў ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, ДУА “Падстарынская СШ” і  іншых школах раёна.

 Дзяніс Карпаў.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий