Каб не згарэць... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каб не згарэць...

5 декабря 2016 - Александра Джежора
article2835.jpg

 Карыстаючыся пячным абсталяваннем трэба заўсёды памятаць, што печ – крыніца павышанай пажарнай небяспекі. Таму стан печаў заўсёды пад пільным кантролем выратавальнікаў. Асабліва ў дамах сацыяльна ўязвімай катэгорыі насельніцтва: адзінокіх  састарэлых грамадзян, інвалідаў, шматдзетных сем’яў, а таксама асоб, якія жывуць адны, кураць і маюць схільнасць да злоўжывання спіртнымі напоямі.

            654 дамы былі правераны івацэвіцкімі выратавальнікамі на наяўнасць парушэнняў проціпажарных нормаў і правіл толькі на працягу лістапада гэтага года  (з пачатку года – 6243).  Было выяўлена 40 жылых дамоў, дзе печы патрабуюць рамонту.

            За 11 месяцаў года ў раёне адбылося  50 пажараў (летась – 55), 48 з іх – у жылым сектары грамадзян. Прычынай ўзнікнення 14-ці з іх сталі ацяпляльныя печы. Але вось толькі ў трох выпадках печы былі няспраўныя, у астатніх 11-ці іх уладальнікі груба ігнаравалі меры супрацьпажарнай бяспекі пры іх эксплуатацыі. Усе гаспадары за выяўленыя парушэнні прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Да прыкладу, няспраўныя печы прывялі да пажару ў вёсках Дабромысль і Селец, а вось у Дабрынёве пажар адбыўся з-за таго, што ўшчыльную да перапаленай печы было прыстаўлена крэсла. Яно і загарэлася. Праўда, гаспадары самастойна справіліся з гэтым пажарам. Аднак найчасцей пажары ад печаў здараюцца тады, калі распаленая печ пакінута без нагляду і ў дабавак паліцца з расчыненымі дзверкамі.

Выпадзенне гаручага вуголля з тапліўніка печы – бадай самая распаўсюджаная прычына пажару ў жылых дамах на працягу ацяпляльнага перыяду. І сапраўды, часцей пажары ад печаў здараюцца ў жылых дамах, радзей – у лазнях і летніх кухнях. Пажар у жылым доме – гэта заўсёды вялізарныя матэрыяльныя страты ў спалучэнні з небяспекай для жыцця саміх домаўладальнікаў.

            З узмацненнем маразоў людзі болей інтэнсіўна эксплуатуюць свае печы, часам зусім не зважаючы на розныя перасцярогі. А дарэмна, бо толькі дбайнага і руплівага гаспадара абмінае вогненная бяда. Дык вось, яшчэ да пачатку ацяпляльнага перыяду варта было ачысціць дымаход ад сажы і рабіць гэта перыядычна на працягу ўсяго ацяпляльнага сезону. Сажа, якая скапліваецца ў дымаходзе, мае ўласцівасць загарацца, а гэта павышэнне тэмпературы, што непазбежна прыводзіць да з’яўлення трэшчын у дымаходзе. У моцныя маразы не дапускайце перапалаў печы: лепей паліце кароткімі прамежкамі двойчы-тройчы на дзень, а не адзін раз працяглы час. Ніколі не распальвайце дровы з прымяненнем лёгкаўзгаральных вадкасцяў. Памятайце, што яны імгненна выпараюцца і ўтвараюць выбухованебяспечную сумесь. Пры з’яўленні агню адбудзецца нешта кшталту выбуху, што можа прывесці да апёкаў рук і твару падпальшчыка, а то і да пажару ў пакоі. Не паліце печы з расчыненымі дзверкамі і не пакідайце печ, у якой паліцца, нават на кароткі прамежак часу. На згаральнай падлозе прыбіце бляшаны ліст і не накрывайце яго дываном і не складвайце перад печчу дровы. Усе згаральныя рэчы, а гэта найперш мэблю размяшчайце не бліжэй за паўметра ад корпусу печы. Сачыце за яго суцэльнасцю, а па меры з’яўлення трэшчын хуценька іх ліквідуйце. Для сушкі абутку і адзенне выберыце які-небуць іншы, болей небяспечны варыянт, чым печ. На гарышчы нічога не складвайце ўшчыльную да дымахода, ды і наогул не загрувашчвайце гарышча ўсялякімі непатрэбнымі згаральнымі рэчамі: не цягніце туды канапы, матрасы, старое адзенне, кардонныя скрынкі і іншае, бо ўсё гэта – выдатная “ежа” для агню.

            Паленне печы трэба цалкам закончыць не раней, чым за 2 гадзіны да таго, як будзеце класціся спаць. Не спяшайцеся зачыняць заслонку дымавой трубы, асабліва, калі для палення карыстаецеся торфабрыкетам. Памятайце аб небяспецы чаду.

Спраўная печ і абачлівасць гаспадароў каля яе – гарант спакою ў зімовую сцюжу.

Валерый  Молаш, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий