Каб пазбегнуць трагедыі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каб пазбегнуць трагедыі

20 февраля 2018 - Александра Джежора
article3756.jpg

 Усплёск пажараў назіраецца ў нашым раёне з пачатку  года. Горш таго: складаная аператыўная абстаноўка з вогненнымі здарэннямі ў лютым ускладнілася гібеллю і траўміраваннем людзей. Калі летась на працягу ўсяго года было зарэгістравана 49 пажараў (рэкордна малая для нашага раёна колькасць), то па стану на 20 лютага ў населеных пунктах адбылося 19 вогненных здарэнняў. Прычыны іх узнікнення самыя розныя. Да прыкладу, пажары ў жылых дамах ў агр. Быцень і Даманава, у гаспадарчым хляве ў в. Вялікая Гаць аказаліся вынікам неасцярожнасці пры абыходжанні з агнём. У аг. В. - Аброўская прычына здарэння крыецца ў наўмысным падпале. Пажары з-за няспраўнасці печаў альбо іх няправільнай эксплуатацыі разгараліся ў аг. Гошчава, дзе моцна пацярпеў жылы дом, у фермерскай гаспадарцы ў г.п. Целяханы, у аг. Быцень (жылы дом), у гаспадарчых пабудовах у в. Няхачава і райцэнтры. Двойчы ў райцэнтры гарэлі легкавыя аўтамабілі па прычыне кароткага замыкання электраабсталявання.

Аднак самае горшае – гэта вогненныя трагедыі. Ранкам, 15 лютага  жыхары Волькі выявілі пажар ў хаце аднавяскоўца, 1956 г.н., які пасля смерці маці ў мінулым годзе застаўся жыць адзін, ён многа курыў, злоўжываў спіртнымі напоямі…

У ноч на 18 лютага здарыўся пажар у в. Верашкі, дзе загінуў мужчына, 1972 г.н. І тут прычынай трагедыі аказалася неахайнасць, праяўленая загінуўшым пры курэнні. Пажарам знішчаны дах і перакрыццё дома, які належаў па спадчыне сужыцельцы загінуўшага, пашкоджаныя сцены і маёмасць унутры пакояў.

Днём раней трагедыя адбылася ў в. Рудня, у жылым доме, які належыць вяскоўцу, 1971 г.н.  У выніку здарэння агнём цалкам знішчаны дах, пашкоджана перакрыццё. Спрабуючы справіцца з пажарам да прыбыцця падраздзяленняў МНС гаспадар атрымаў апёкі 2-3 ступеняў цяжкасці галавы, твару, рук і ног  (60% цела) і шпіталізаваны ў Івацэвіцкую ЦРБ. Яго стан кваліфікуецца, як цяжкі. Прычына і абставіны, якія выклікалі такія паследкі, высвятляюцца. 

У чарговы раз хачу нагадаць жыхарам раёна аб пастаяннай пільнасці і абачлівасці пры абыходжанні з агнём і яго крыніцамі. Старайцеся наогул не курыць у памяшканні. Ведайце, што алкаголь і курэнне – рэчы несумяшчальныя, а спробы іх аб’яднаць маюць горкі вынік. Не заставайцеся абыякавымі да лёсу сваіх блізкіх, знаёмых і суседзяў, якіх можна аднесці да заядлых курцоў і аматараў-выпівак. Часцей наведвайце іх. Магчыма ваш нечаканы прыход у іх дом уратуе іх ад бяды. Будзьце ўважлівымі пры паленні печаў. Калі выявілі нейкія непаладкі ў ёй, то тэрмінова іх ліквідуйце, усе шчыліны замажце гліняным растворам, ніколі не пакідайце распаленую печ, ацяпляльны кацёл на цвёрдым паліве ці кацёл-кормазапарнік без увагі. Ведайце і памятайце, што пажар з-за печы часта абарачаецца вялізарнымі матэрыяльнымі стратамі. Не карыстайцеся няспраўнымі электрапрыборамі і не эксплуатуйце няспраўнае электраабсталяванне. Падвойце свае пільнасць і увагу, калі карыстаецеся электранагравальнымі прыборамі. Не пакідайце без нагляду малалетніх дзяцей, з самага ранняга ўзросту вучыце іх правільнаму, а галоўнае – асцярожнаму абыходжанню з агнём і іх крыніцамі.

На працягу лютага выратавальнікі праводзяць рэспубліканскую акцыю “Бяспека – у кожны дом!”, накіраваную на папярэджанне пажараў і гібелі ад іх людзей.

Жывіце бяспечна, беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий