Каб печ не стала прычынай пажару — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каб печ не стала прычынай пажару

23 января 2018 - Александра Джежора
article3684.jpg

 На працягу  мінулага года ў населеных пунктах нашага раёна зарэгістравана 14 пажараў, якія адбыліся па прычыне няспраўнасці ацяпляльных печаў ці парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры іх паленні.

Вядома, кожны домаўладальнік павінен загадзя паклапаціцца аб стане сваёй печы, а ў моцныя маразы правільна яе эксплуатаваць. Нельга дапускаць перапалаў печаў, бо гэта прыводзіць да з’яўлення трэшчын у корпусе. А яшчэ калі печ першапачаткова пабудавана няправільна (адсутнічаюць раздзелкі-адступкі ад печы да драўляных канструкцый сцен і перакрыцця), то пры перапале гэтыя бэлькі ці сцены могуць загарэцца. Пры перапале ўшчэнт можа рассыпацца і азбестацэментная ці керамічная труба, якая прыстасавана ў якасці дымахода і не абкладзеная цэглай. Спраўным павінен быць і так званы агаловак дымавой трубы. А самі дымаходы неабходна ачышчаць ад сажы не радзей, за адзін раз у два месяцы на працягу ацяпляльнага сезону, пры гэтым прачыстку правесці неабходна і перад пачаткам ацяпляльнага сезону. Сажа, што скапілася ў дымаходзе, мае ўласцівасць гарэць: гарэнне сажы вядзе да павышэння тэмпературы ў дымаходзе, а значыць і да з’яўлення ў ім трэшчын.

 Калі трэшчыны ў корпусе ўсё ж з’явіліся, то іх трэба неадкладна ліквідаваць, атынкаваўшы растворам гліны. На печы не варта сушыць адзенне. Наадварот, усе згаральныя рэчы, а найперш прадметы мэблі трэба аддаліць ад корпусу печы не бліжэй за паўтара метра. Не паліце ў печы з расчыненымі дзверкамі: разам са спробай “напусціць цяпла ў пакой” можна выпусціць з тапліўніка і “чырвонага пеўня” у выглядзе выпаўшага на падлогу тлеючага вуголля. Каб пазбегнуць гэтай з’явы неабходна прыбіць да згаральнай падлогі перад тапліўнікам печы металічны ліст памерам 50х70 см. Гэтую бляху не варта накрываць дываном, класці на яго дровы. Увогуле дроў трэба прыносіць за адзін раз роўна столькі, колькі памяшчаецца ў тапліўніку, а не пакідаць кучу дроў на падлозе перад тапліўнікам печы, а таксама якое згаральнае смецце, што можна часта пабачыць у дамах вяскоўцаў.

            Даволі часта уладальнікі печаў ігнаруюць гэтыя патрабаванні і, як вынік неахайнасці – буйны пажар. Да прыкладу, пажар сёлетняга студзеня ў агр. Гошчава выразна паказаў, што эксплуатаваць печ патрэбна ў поўнай адпаведнасці з правіламі пажарнай бяспекі. Тут жа атрымалася, што гаспадар пакінуў распаленую печ без нагляду і сышоў увечары да аднавяскоўца. Там праз некаторы час ён і даведаўся аб уласным вогненным здарэнні. У выніку небарака змешчаны на сацыяльны ложак, бо пасля пажару ягоная хата стала непрыгоднай для далейшага жылля.

Дарэчы, па стану на 25 студзеня ў раёне зарэгістравана тры пажары, якія былі выкліканы прыборамі ацяплення.

Калі вярнуцца да патрабяванняў бяспечнай эксплуатацыі печаў, то неабходна адзначыць і аб згубных для чалавека ўласцівасцях чаду. А таму ніколі не спяшайцеся зачыняць заслонку дымавой трубы, пакуль не пераканаецяеся, што ўсё паліва перагарэла цалкам. Асабліва будзьце абачлівымі, калі для палення печы скарыстоўваеце торфабрыкет. Тленне рэшткаў паліва сіне-фіялетавым маленькім агеньчыкам і ёсць крыніца ўтварэння чаду.  Часта так робяць людзі сталага ўзросту, памылкова лічачы, што так яны захаваюць цяпло сваёй печы. На самой справе такое падманлівае зберажэнне цяпла абарачаецца трагедыяй для гаспадароў.

Не распальвайце дровы ў печы з дапамогай лёгкаўгаральных вадкасцяў (бензіну, саляркі, разбаўляльнікаў).

Некаторыя старыя людзі збіраюць на працягу зімы попел у мяшкі, каб вясной скарыстаць яго, як угнаенне, а мяшкі з попелам складваюць і захоўваюць у якіх-небудзь гаспадарчых пабудовах. Часта разам з попелам з тапліўніка выграбаецца і аказваецца ў згаральных мяшках ці іншай тары і гаручае вуголле. Вынік – зноў-такі пажар. Той жа попел трэба высыпаць падалей ад пабудоў (рэкамендаваная адлегласць – не бліжэй за 15 м.), пажадана, высыпаўшы, закідаць снегам (калі ён ёсць) ці заліць вадой.

Здараецца, што вяскоўцы выносяць вёдры з гаручым вуголлем у хлявы і склепы, каб абагрэць гародніну і бульбу, а то і жывёлін. Гэта надзвычай небяспечна. Адзначу, што такія захады таксама ўласцівыя людзям сталага ўзросту. Недарэмна адзінока пражываючых і адзінокіх састарэлых грамадзян выратавальнікі адносяць да групы рызыкі: менавіта яны часцей звычайнага аказваюцца ахвярамі пячных пажараў у сваіх дамах. Таму хочацца зноў нагадаць аб неабходнасці часцей наведваць сваіх састарэлых бацькоў, якія зімуюць у  вясковых хатах з пячным ацяпленнем. Аб спраўнасці печаў трэба патурбавацца яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона. Калі заўважылі, што ў вашых бацькоў, бабуль ці дзядуль ёсць праблемы са зрокам і слыхам, што нескладаную работу па хаце ім выканаць становіцца няпроста, то не пакідайце іх адных на зіму ў сваіх хатах.

Беражыце сябе і ўсіх тых, хто вам асабліва дарагі.

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий