Каб правесці лета з карысцю... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каб правесці лета з карысцю...

article2583.jpg

 Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў пажарнай службы і ў рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню!” івацэвіцкія выратавальнікі арганізавалі і правялі для школьнікаў, якія адпачываюць у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Дубравачка” “Дзень бяспекі”.

            Усе школьнікі, а гэта 185 дзяцей рознага ўзросту, на пачатку сабраліся ў  клубе, дзе адбылася сустрэча з прадстаўніком райаддзела па НС. Рабятам у ходзе гутаркі нагадалі аб няўхільным выкананні розных правілаў бяспекі, і не толькі пажарнай, якія напісаны самім жыццём. Дастаткова ўзгадаць штодзённую аператыўную інфармацыю, дзе  шэраг розных надзвычайных здарэнняў у рэспубліцы здараюцца па віне альбо з удзелам дзяцей.  Сустрэча была пабудавана ў форме дыялога. Гэта давала магчымасць ацаніць веды  дзяцей асноў бяспечнай жыццядзейнасці. А тыя, хто даваў правільныя адказы, атрымлівалі ў якасці прызоў тэматычную літаратуру, кшталту “Што рабіць, калі…” і “Геаметрыя бяспекі”. Былі яшчэ павучальныя гульні, дзе прапаноўвалася з малюнкаў на картках скласці камплект бяспечнага адзення для паходу ў лес, вызначыць прызначэнне выкарыстоўваемых  ва ўстановах адукацыі знакаў бяспекі, іншыя заданні…

   З асаблівым захапленнем  хлопчыкі і дзяўчынкі акружылі пажарны аўтамабіль ПАСП агр. Быцень. Тут дзецям была дадзена магчымасць прымерыць баявое адзенне сапраўднага пажарнага-выратавальніка, патрымаць у руках пажарныя ствалы рознай мадэфікацыі і агледзець адсекі аўтамабіля, дзе зручна складзена ўсё пажарна-тэхнічнае ўзбраенне, скарыстоўваемае выратавальнікамі пры аказанні дапамогі пацярпелым.

 Закончыліся мерапрыемтсвы “Дня бяспекі” у “Дубравачцы” сустрэчай прадстаўнікоў раённай службы выратавання з выхавацелямі аздараўленчага лагера, большасць з якіх – студэнты-практыканты педагагічных ВНУ. Тут увага выхавацеляў была звернута на пастаянны, пільны кантроль за адпачываючымі дзецьмі. Далей ім нагадалі іх непасрэдныя дзеянні на выпадак узнікнення пажару ці іншага надзвычайнага здарэння, паслядоўнасць эвакуацыі з карпусоў, правілы карыстання вогнетушыцелямі.

 Канікулы павінны быць бяспечнымі, і выратавальнікі імкнуцца зрабіць усё залежачае ад іх, каб дзеці правялі ўсе тры месяцы з карысцю, весела, а галоўнае – сапраўды бяспечна.

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

Комментарии (0)
Добавить комментарий