Калі дзеці без нагляду — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Калі дзеці без нагляду

29 июня 2016 - Administrator
article2534.jpg

 У другой палове нядзельнага чэрвеньскага дня здарыўся пажар на полі паблізу в. Стайкі, непадалёку ад майстэрні. Буйным полымем запалалі дзве сцірты леташняй саломы. 

У выніку пажарам прычынены матэрыяльныя страты гаспадарцы ў памеры болей за 630 млн рублёў. Частка цюкоў згарэла, частка прыйшла ў непрыгоднасць.

Што ж стала прычынай такога буйнога пажару? А віноўнікамі гэтага здарэння з’явіліся двое 10-гадовых дзяцей: хлопчык і дзяўчынка, абое – жыхары в. Стайкі. Менавіта іх гульні з запалкамі і абярнуліся такім велізарным пажарам. Дзеці спачатку спрабавалі патушыць самастойна, а ў выніку атрымалася, што полымя перакінулася на другую сцірту.
Дарэчы, гэта ўжо другі пажар па прычыне дзіцячага свавольства з агнём у нашым раёне. Першы адбыўся ў аг. Горталь, дзе згарэў гаспадарчы хлеў, а віноўнікі – брат і сястра адпаведна 5-ці і 3-х гадоў.

Робячы высновы з гэтага здарэння, хочацца ў чарговы раз нагадаць бацькам, бабулям і дзядулям, старэйшым братам і сёстрам: ніколі не пакідайце малалетніх дзяцей адных без нагляду нават на некалькі хвілін. 

На працягу чэрвеня на базе амаль усіх устаноў адукацыі працавалі аздараўленчыя летнікі і значная колькасць дзяцей малодшага ўзросту была пад пільным наглядам кваліфікаваных педагогаў і выхавацеляў. Не заставаліся ўбаку і выратавальнікі: пазнавальныя экскурсіі і павучальныя заняткі праводзіліся выратавальнікамі з дзецьмі штодзённа. Адпраўляючы сваіх малых у вёску, правядзіце з імі дадатковы інструктаж, паклапаціцеся, каб вашы дзеткі не прывезлі любячым іх бабулям “вогненныя падарункі” ў выглядзе спаленых стажка сена ці хлява.
Працягваецца рэспубліканская акцыя “Канікулы без дыму і агню!”. Дык давайце разам арганізуем дзецям бяспечнае лета і засцеражэм іх ад рызыкоўных, небяспечных сітуацый.
В. Молаш, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.
Комментарии (0)
Добавить комментарий