Каля 50 га тарфяніку пацярпела ад пажару — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каля 50 га тарфяніку пацярпела ад пажару

8 сентября 2015 - Александра Джежора
article1945.jpg

Засушлівы жнівень пабіў усе рэкорды не толькі адносна анамальна высокай тэмпературы і поўнай адсутнасці ападкаў, але і колькасцю пажараў у экасістэмах. Не абыйшлося без такіх пажараў і ў нашым раёне.

30 жніўня было выяўлена гарэнне пожні на тарфяным полі даўжынёй  болей за 3 км. ад вёскі Краглевічы на плошчах СВК “Целяханы-агра” . Імгненна загарэўся і тарфянік. Літаральна на працягу некалькіх гадзін плошча гарэння павялічвалася і нарэшце дасягнула агульнай плошчы каля 50 га. Тушэнне тарфянога пажару  доўжылася на працягу трох сутак. Змена дзяжурных каравулаў задзейнічаных падраздзяленняў Івацэвіцкага райаддзела па НС адбывалася тут жа, пад час тушэння тарфяніку. А ў ліквідацыі пажару прымалі ўдзел 16 чалавек асабовага саставу райаддзела, было задзейнічана шэсць пажарных аўтацыстэрн.

Найперш на дапамогу Івацэвіцкім выратавальнікам прыйшлі работнікі СВК “Валішча” суседняга Пінскага раёна, землі якого мяжуюць з плошчамі гарэўшага целяханскага тарфяніку. Гаспадарка накіравала на тушэнне тарфяніку пяць адзінак тэхнікі: трактары з дыскамі і плугамі, бочкі з вадой. Сапраўды ў пякельных умовах працавалі механізатары. Не стаў простым назіральнікам і старшыня гаспадаркі, які таксама знаходзячыся ў кабіне трактара  выконваў работы па дыскаванні. Мэта была адна: спыніць пажар і не даць яму распаўсюдзіцца на большыя плошчы. Спёка і засуха не зламалі настойлівасць людзей у барацьбе са стыхіяй. Ад высокай тэмпературы ў адным з трактароў нават аплавілася шкло.

Не засталіся пры гэтым у баку і прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна. На ліквідацыі гарэння торфу працавалі механізатары СВК “Святая Воля”, СВК “Аброўскі”, СВК “Целяханы-агра”, а таксама дапамогу аказалі работнікі філіялу ПМК-60 ААТ “Пінсквадбуд”. Працаввала і аўтацыстэрна на базе аўтамабіля “Урал” ДЛХУ “Целяханскі лясгас”. Найбольш самааддана на ліквідацыі тарфянога пажару на працягу пяці дзён працавалі механізатары Дзмітрый Аляхновіч з СВК “Святая Воля”, Павел Калтуневіч з СВК “Аброўскі” (4 дні), Дмітрый Гапонік з СВК “Целяханы-агра” (пяць дзён), Юрый Дудзін з СВК “Мічурынск “ (4 дні), Аляксандр Паляшчук з ПМК-60, вадзіцель ДЛГП “Целяханскі лясгас” Уладзімір Малей (4 дні).

Агульнымі, зладджанымі намаганнямі тарфяны пажар быў ліквідаваны. Ёсць меркаванне, што яго прычынай магло стаць выпадзенне іскраў з выхлапной трубы праязджаючага паўз тарфянога поля аўтамабіля.

Спякотнае і засушлівае надвор’е стварыла высокую пажаранебяспечную абстаноўку  і ў лясах. І хоць дзейнічае забарона на наведванне насельніцтвам лясоў, ды і людзей у гэты час у лесе не пабачыш. Але статыстыка пажараў папоўнілася.  Амаль тры дні пайшло на тушэнне ляснога пажару, які “прыйшоў” да нас з суседняга Слонімскага раёна. Месцамі ён перайшоў на верхавы і ахапіў амаль 15 га лесу. На тушэнні гэтага пажару працавалі пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні з Быцені, Дабромысля і ПАСЧ №1 г. Івацэвічы.

Паважаныя жыхары раёна! Варта падвоіць свае пільнасць і ўвагу, калі знаходзіцеся ў лесе, на лузе ці тарфяным полі. Памятайце, што сухі, як порах тарфянік можа ўспламяніцца імгенна, а патушыць яго магчыма праз некалькі дзён, тым болей, калі гарэнне акажацца не выяўленым у яго пачатковай стадыі. Перасохлае дробнае сучча, імхі і леташняе апалае лісце ў якасці лясной падсцілкі таксама можа загарэцца ад маленькай, нават непрыкметнай іскрынкі. А тушыць лясны пажар ой як складана! Выявіўшы гарэнне травы, лясны альбо тарфяны пажар неадкладна тэлефануйце ў службу выратавання па тэлефонах 101 ці 112, паведаміце аб гарэнні, а потым самі прыміце меры па ліквідацыі гарэння і то ў выпадку, калі яно не набрала моцы. Калі ёсць верагоднасць рызыкі для  ўласнага жыцця, то тэрмінова пакіньце небяспечнае месца. 

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий