Кошт аднаго імгнення... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Кошт аднаго імгнення...

1 ноября 2016 - Александра Джежора
article2769.jpg

 З пачатку бягучага года ахвярамі пажараў сталі сямёра малалетніх дзяцей. Праблема дзіцячай гібелі і траўматызму кранае не толькі ўласныя інтарэсы іх родных, але  з’яўляецца важнейшай сацыяльнай праблемай грамадства і дзяржавы ў цэлым. Яе вырашэнне немагчыма без комплекснага падыходу. Вопыт, што маецца, выразна паказвае, што ў трох з чатырох вывпадкаў дзіцячай гібелі  трагедый можна было пазбегнуць. Паказчык  дзіцячай смяротнасці ад знешніх прычын, у тым ліку і ад пажараў, зніжаецца. Гэта дазваляе зрабіць высновы аб павышэнні ўзроўню бяспекі сярод дзяцей і моладзі.

Прафілактычныя мерапрыемствы, праводзімыя сярод дзяцей, даюць пэўны рэзультат. Неад’емнай часткай у гэтым  кірунку, як асобнае звяно, з’яўляюцца дзіцячыя дашкольныя ўстановы адукацыі.  Аб належным, а недзе і высокім узроўні падыходу да навучання дашкольнікаў мерам перасцярогі, асновам бяспечнасці жыццядзейнасці сведчаць хоць бы нядаўна падведзеныя вынікі фестывалю “Бяспечнае дзяцінства”, які ўжо другі раз праводзіўся сярод дзіцячых садкоў раёна.

Вялікі аб’ём работы выкананы калектывамі выхавацеляў. Прыемна адзначыць, што шэраг дзіцячых садкоў хоць і не занялі прызавых месцаў (лепшых з лепшых заўсёды мала), аднак  надаюць навучанню  сваіх выхаванцаў даволі вялікае значэнне.

Прыкладам для многіх можа стаць ДУА “Хадакоўскі дзіцячы сад” (загадчыца Таццяна Струнеўская). Памяшканні параўнальна невялічкага аднапавярховага будынка карысна заняты літаральна да санцыметра плошчы. Тут з густам аформлены і куточкі бяспекі. Рукамі выхавацеляў зробленая пажарная каланча, мадэль пажарнай машыны, своеасаблівая дзіцячая форма пажарнага, міліцыянера і медыка. Сабрана мноства цацак менавіта проціпажарнай тэматыкі. Любяць малыя свой “куток бяспекі”, бо кожны яго складнік нясе павучальную інфармацыю бяспечных паводзін. Сваёй эрудыцыяй і дасведчанасцю ў вобласці пажарнай бяспекі выхаванцы садка не перастаюць здзіўляць пры кожным наведванні.

Са станоўчага боку хацелася б адзначыць і выхаваўчую работу калектываў выхавацеляў ДУА “Вялікагацкі дзіцячы сад” (загадчыца Ірына Савіч) і ДУА “Даманаўскі дзіцячы сад” (загадчыца Анжэла Аляксандрава). У конкурсе “Выкліч пажарных”, праводзімых з выхаванцамі гэтых дзіцячых садкоў, можна было толькі прыемна здзіўляцца. Уразіла не толькі хуткасць, з якой хлопчыкі і дзяўчынкі набіралі нумары “101” і “112”  на тэлефонах розных мадэляў, але і дакладнае веданне ўласных адрасоў і нумароў дамашніх тэлефонаў. Гэта сапраўды вітаецца, бо даволі часта малыя правільна называюць нумары тэлефонаў, а вось набраць па тэлефоне ратавальныя лічбы не могуць. Трапляюцца і такія, хто зусім не ведае свайго дамашняга адрасу, нават назвы сваёй вёскі. А тут нават на пытанні і загадкі малодшыя адказвалі гэтак жа шпарка, як і рабяты старэйшых груп.

Дзяцей трэба вучыць бяспецы змалку. І не толькі надзейна, падалей хаваць запалкі, а найперш патлумачыць небяспеку, якую яны тояць у сабе пры няправільным, няўмелым карыстанні, што ўласціва дзецям. Лепей, вядома, дзяцей дома наогул адных не пакідаць, памятаючы аб кошце аднаго імгнення.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий