Курэнне шкодзіць здароўю! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Курэнне шкодзіць здароўю!

1 декабря 2016 - Александра Джежора
article2829.jpg

 Фінішавала  рэспубліканская прафілактычная акцыя “Не прапалі сваё жыццё!”, накіраваная на папярэджанне пажараў па прычыне неахайнага курэння ў спалучэнні з алкаголем, а таксам  гібелі людзей у агні такіх пажараў. Яе апошні, чацвёрты этап Івацэвіцкія выратавальнікі разам з актывістамі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных з ліку вучняў ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Данілы Караля і Станіслава Мазура (вучні 8 “А” кл.), Наталлі Кузьмені і Караліны Карпенка (вучні 11”Б” кл.)  правялі на пляцоцы перад магазінам “Еўраопт”, на міні-рынках каля прывакзальнай плошчы. Усім гараджанам і гасцям райцэнтра ў чарговы раз нагадалі аб небяспецы неахайнага курэння, уручылі тэматычныя буклеты, лістоўкі.

Нагадаю, што сёлета  па віне неахайных курцоў у раёне адбылося ўжо  20 пажараў. Двойчы пацярпеў з-за сваёй абыякавасці да  маёмасці і найперш – уласнага жыцця жыхар в. Дабромысль, 1970 года нараджэння,  у красавіку і жніўні. У першым выпадку агнём аказалася пашкоджанай канапа, закопчаныя сцены ў адным з пакояў.  Пажар тады выявіў сусед, які неадкладна выклікаў выратавальнікаў. У той раз спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які быў устаноўлены за сродкі Дабромысленскага сельвыканкама. У жніўні сітуацыя паўтарылася: зноў спрацаваў апавяшчальнік, зноў ратавальны званок у службу “101” зрабілі спагадлівыя суседзі і зноў выратавальнікі вынеслі з задымленых пакояў нецвярозага і ледзь жывога гаспадара. На гэты раз агнём аказаліся пашкоджаныя пасцельныя рэчы, дзе ён спаў.

Адміністрацыйнай камісіяй райвыканкама віноўнік быў працягнуты да адміністрацыйнай адказнасці  за парушэнне правіл пажарнай бяспекі, якое прывяло да ўзнікнення пажару па месцы жыхарства, да пакарання ў выглядзе штрафу ў памеры 30-ці базавых велічынь.

Паколькі па віне гэтага грамадзяніна-маніякальнага парушальніка правілаў пажарнай бяспекі ў быце, пажары здараліся двойчы ў яго ўласным доме на працягу года, хоць ён быў абавязаны папярэдзіць вогненныя здарэнні, справы па абодвух пажарах былі перададзены ў суд. Судом Івацэвіцкага раёна  яму было прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на тры месяцы з прымяненнем прымусовага  лячэння ад хранічнага алкагалізму па месцы адбывання пакарання.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий