Лютавала навальніца... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Лютавала навальніца...

24 июля 2015 - Administrator
article1839.jpg

 23 ліпеня ў другой палове дня ад удараў маланкі разгарэліся адразу два пажары: у Любішчыцах і Гошчаве. У першым выпадку маланка патрапіла ў гаспадарчы хлеў мясцовай пенсіянеркі. Пабудова засталася без даху (на здымку). А вось у Гошчаве ад стрэлу маланкі пацярпеў жылы дом. Праўда, тут агонь не паспеў набрацца моцы.


Штогод у раёне рэгіструюцца аналагічныя выпадкі пажараў. Разраду маланкі падвяргаюцца не толькі прыватныя жылыя дамы і гаспадарчыя збудаванні, але і аб’екты народнай гаспадаркі, у прыватнасці – сельгасвытворчасці. Добра вядома, што самым надзейным сродкам аховы будынка ад удару маланкі з’яўляецца спраўны маланкаадвод. Ён можа быць усталяваны на даху пабудовы ці на асобнай мачце. Далей трэба пастаянна ўтрымліваць яго спраўным.

Аднак ад удару маланкі часам церпяць людзі, жывёлы (загінуўшыя на лузе каровы – не рэдкасць). Кожны чалавек павінен паклапаціцца аб уласнай бяспецы. Каб не пацярпець ад згарэлых у навальніцу электрапрыбораў, іх найперш трэба адключыць ад электрасеткі. Каб пазбегнуць скразнякоў, якія прыцягваюць шаравую маланку, вокны і форткі паспяшайцеся зачыніць. Не паліце печы ці каміне, бо дым – электраправодны. Сядзіце ў хаце падалей ад вакон, батарэй і трубаў цэнтральнага ацяплення. Калі ваш жылы дом не абсталяваны маланкаадводам, але ёсць водаправод, то вадой у навальніцу лепей не карыстацца. Не карыстайцеся тэлефонамі: ні мабільнымі, ні праваднымі.

Будзьце пільнымі, калі навальніца застала вас на лузе ці ў полі: тэрмінова прысядзьце ў нейкую нізіну, накрыйцеся чым-небудзь, адключыце тэлефон, адкіньце падалей тыя металічныя прадметы, якія былі пры вас (вілы, касу, іншае). У навальніцу не хадзіце басанож, не бяжыце. Ведайце і памятайце, што калі вы на адкрытай пляцоўцы аказаліся самым высокім прадметам, а маланка б’е па карацейшай адлегласці, то прыцягнуць яе ўдар можа расчынены над галавой парасон. У навальніцу трымайцеся падалей ад вадаёмаў, асабліва буйных азёраў, рэчак. Не купайцеся і не катайцеся на лодцы. У лесе трымайцеся бліжэй да арэшніка. Наогул, добрым укрыццем стане невялічкае дрэва з густой кронай, кустоўе.
Засцеражыцеся ад маланкі, беражыце сябе і тых, хто вам асабліва дарагі.
В. Молаш, старшы інспектар прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцюрайаддзела па НС. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий