Ні ўшчуванні, ні папярэджанні не дапамаглі… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Ні ўшчуванні, ні папярэджанні не дапамаглі…

20 марта 2018 - Administrator
article3834.jpg

 Нягледзечы на ўсе магчымыя прафілактычныя меры, што праводзяць у раёне выратавальнікі і прадстаўнікі іншых зацікаўленых у бяспецы грамадзян службаў, сітуацыя з пажарамі і гібеллю ад іх людзей у раёне па-ранейшаму застаецца надзвычай складанай. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і колькасць пажараў, і колькасць ахвяр ад іх узраслі ў тры разы.


Вось і ў ноч на 18 сакавіка вогненная трагедыя здарылася ў Целяханах, дзе ў драўляным уласным  доме загінуў мясцовы жыхар, 1955 г. н. Жыў ён апошні час адзін у хаце, якая належала ягоным бацькам і спадчына не была перааформлена (дом заставаўся аформленым на раней памерлую маці). Ён быў на ўліку  і ў ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”, і ў Целяханскім сельвыканкаме як адзінока пражываючы састарэлы грамадзянін, які злоўжывае спіртнымі напоямі. А яшчэ ён курыў, многа і часта. Загінуўшага пры жыцці неаднойчы наведвалі прадстаўнікі назіральнай камісіі, якая дзейнічае  пры Целяханскім сельвыканкаме, а таксама прадстаўнікі райаддзела па НС, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Апошні візіт інспектара нагляду і прафілактыкі райаддзела па НС разам з прадстаўніком Целяханскага сельвыканкама быў сёлета, 1 сакавіка. Аднак гаспадар нават не пусціў “няпрошаных гасцей” у хату. Здаралася, што ён зачыняўся знутры ў хаце і ніхто да яго не мог зайсці. У такія моманты ў пенсіянера праяўлялася нават нейкая незразумелая агрэсія і абыякавасць да ўласнага жыцця. І вось – пажар…

У выніку пажару знішчаным аказаўся дах дома на ўсёй плошчы, пашкоджана перакрыцце, маёмасць у хаце таксама прыйшла ў непрыгоднасць. Пры тушэнні пажару звяном газадымаахоўнай службы РАНС на падлозе было знойдзена цела гаспадара без прыкмет жыцця. 
Прычына трагедыі ўстанаўліваецца, але мяркуецца, што менавіта неахайнае курэнне загінуўшага і выклікала пажар. Верагодна, ён зноў быў у нецвярозым стане.

Раённая служба выратавання ў чарговы раз звяртаецца да жыхароў раёна: будзьце пільнымі і абачлівымі пры карыстанні з агнём і яго крыніцамі. Затрымліваецца вясна, а таму даводзіцца ўсё яшчэ паліць печы, дык сачыце за іх спраўнасцю і не пакідайце іх без нагляду. Сачыце за сваімі малалетнімі дзецьмі і ніколі не пакідайце іх занятак без увагі. Той жа ўвагай акружыце сваіх састарэлых дзядуль і бабуль, іншых сваякоў. Будзьце больш лаяльнымі да сваіх родных і суседзяў, якія маюць схільнасць да злоўжывання спіртнымі напоямі і амаль не развітваюцца  з цыгаркай. Магчыма, ваша абачлівасць і насцярожанасць у адносінах да іх паспрыяюць уратаванню жыцця.
Беражыце сябе і сваіх родных!
В. Молаш, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.
Комментарии (0)
Добавить комментарий