На першым месцы - бяспека дзяцей — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


На першым месцы - бяспека дзяцей

4 августа 2017 - Александра Джежора
article3336.jpg

Ужо зусім хутка хлопчыкі і дзяўчынкі зноў сядуць за школьныя парты. Напярэдадні новага навучальнага года выратавальнікі праводзяць маніторынгі ўстаноў адукацыі на прадмет выдання пашпартоў гатоўнасці школ і дзіцячых садоў да пачатку навучальнага года.

На дадзеным этапе ў большасці ўстаноў адукацыі ідуць рамонты. І менавіта зараз, калі да пачатку новага навучальнага года ёсць пэўны адрэзак часу, адміністрацыям устаноў адукацыі неабходна выканаць усе патрабаванні зацікаўленых у бяспецы дзяцей службаў.  І работы  па прывядзенню школ і дзіцячых садоў у належны пажарабяспечны стан яшчэ хапае.  

Да прыкладу, амаль ва ўсіх установах адукацыі з дзвярэй знятыя так званыя фіксатары-даводчыкі альбо прыстасаванні для самазакрывання дзвярэй, бо недзе яны перашкаджалі вынасу сталоў і партаў, недзе кветак. Аднак да пачатку навучальнага года усе прыстасаванні павінны быць у спраўным стане. Варта зазначыць, што нават на перыяд рамонтаў грэбаваць патрабаваннямі правіл пажарнай бяспекі не варта.

 У той жа ДУА “Быценская СШ” парашковы вогнетушыцель  у калідоры  пачатковай школы на другім паверсе будынка аказаўся застаўлены рослымі кветкамі ў вазонах так, што хутка авалодаць ім у выпадку пажару немагчыма. Тут жа неабходна дадаткова правесці  заняткі з педагагічным калектывам і тэхперсаналам школы  па правілах пажарнай бяспек і правесці праверку іх ведаў гэтых правіл.  На пытанне аб выкліку пажарных падраздзяленняў ад тэхнічак пачулі нумары 102 і 104, а ніяк не 101 і 112. Прысутныя тэхработнікі не змаглі патлумачыць прынцып дзеяння парашковага вогнетушыцеля. У калектыве не ведаюць свае абавязкі на выпадак узнікнення пажпару ці іншай надзвычайнай сітуацыі, бо нават лабарант лічыць, што яе першачарговая задача – эвакуацыя дзяцей. Між іншым эвакуацыі школьнікаў з класа павінны праводзіць тыя настаўнікі, якія выкладалі на ўроку на момант абвяшчэння аб надзвычайным здарэнні ў будынку школы.

Амаль такая ж сітуацыя з нумарамі выкліку і супрацьпажарнымі ведамі тэхперсаналу захавалася і ў ДУА “Даманаўская СШ”, што таксама патрабуе правядзення дадатковых заняткаў да пачатку новага навучальнага года. Дарэчы, у гэтай школе памяшканне вентыляцыйнай камеры скарыстоўваецца пад кабінет з пастаянным рабочым месцам для намесніка дырэктара па гаспадарцы. А тут наогул забаронена  знаходжанне пабочных, тым болей гаручых рэчываў і матэрыялаў. Да 1 верасня  неабходна абнавіць інфармацыю на  стэндах пажарнай бяспекі і бяспекі жыццядзейнасці.

У ДУА “Даманаўскі дзіцячы сад” дзверы ўваходнага тамбура  групы “Сонейка” чамусьці праселі і каб іх адчыніць і зачыніць трэба прыкласці пэўныя намаганні. Тут жа неабходна больш трывала замацаваць электраразеткі.  А вось з ведамі дакладнага алгарытма дзеянняў у выпадку пажару і ўмення скарыстаць вогнетушыцелі тут справы абстаяць лепей, чым у папярэдніх установах.

Дасканала ведаюць свае абавязкі на выпадак вогненнага здарэння і работнікі ДУА “Быценскі дзіцячы сад”,  як ведаюць дакладна чарговасць дзеянняў пры скарыстанні парашковага вогнетушыцеля і яго тушачыя ўласцівасці. А вось дзверы лесвічных клетак на другім паверсе неабходна ўсё ж выканаць дыманепраніцальнымі з тымі ж прыстасаваннямі для самазакрывання, а прыстасаванні самазакрывання дзвярэй  лесвічных клетак на 1-м паверсе неабходна аднавіць, паколькі яны  аказаліся знятымі на час рамонту.

Добрым чынам вядзецца падрыхтоўкі да новага навучальнага года ў ДУА “Дабромысельскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”. І дырэктар установы, і яго намеснік па гаспадарчай частцы ставяцца да справы, якая тычыцца пажарабяспечнсці будынка, а значыць і бяспекі дзяцей адказна.

Тым не меней у большасці наведаных устаноў адукацыі патрабуецца карэктыроўка планаў эвакуацыі, у нязначнай колькасці школ і дзіцячых садкоў загадамі  створаны дабраахвотныя пажарныя дружыны і арганізаваная іх работа. Тыя ж пасведчанні альбо талоны аб прахаджэнні навучання правілам пажарнай бяспекі па праграме пажарна-тэхнічнага мінімума павінны быць у кожнага абучанага на руках, а не захоўвацца ў нейкіх асобных папках у дырактара ці намесніка. У большасці ўстаноў адукацыі неабходна і карэктыроўка інструкцый  па пажарнай бяспецы. Верагодна, ёсць патрэба зрабіць іх тыпавымі для школ і дзіцячых садоў, а не распрацоўваць асобна кожнаму кіраўніку для сваёй ўстановы. На прыкладзе вышэй пералічаных устаноў адукацыі можна меркаваць аб існаванні аднолькавых недахопаў у большасці школ і дзіцячых садоў: амаль усе яны характэрныя для большасці аб’ектаў.

Да пачатку новага навучальнага года яшчэ ёсць час, а за гэты перыяд патрэбна прывесці і школы, і дзіцячыя сады ў належны пажарабяспечны стан у поўнай адпаведнасці патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС. 

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий