На сходах грамадзян — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


На сходах грамадзян

24 января 2018 - Александра Джежора
article3676.jpg

 На чарговы сход жыхароў вёскі Міхнавічы Стайкаўскага сельсавета запрасілі старшыня Стайкаўскага сельвыканкама Мікалай Басалай і інжынер ІНіП Івацэвіцкага райаддзела па НС Аляксандр Міскевіч.

На гэты раз дыялог з вяскоўцамі праходзіў на вясковай вуліцы. Тэматыка сходу актуальная– захаванне правілаў супрацьпажарнай бяспекі ў зімовы ацяпляльны, а разам – і пажаранебяспечны перыяд. І падставы для правядзення такіх сходаў жыхароў населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі сельвыканкама, ёсць важкія: ужо сёлета на тэрыторыі Стайкаўскага сельвыканкама здарыўся пажар па прычыне неправільнай эксплуатацыі ацяпляльнай печы. У выніку пажару адзінокапражываючы пенсіянер застаўся ў поўным сэнсе без даху над галавой пасярод зімы.

Аляксандр Міскевіч падчас сустрэчы з жыхарамі Міхнавічаў расказаў не толькі аб першапрычыне гэтага пажару, а прывёў у прыклад леташнія пажары, якія разгараліся ў населеных пунктах раёна па прычыне няспраўнасці альбо парушэння патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печы. Тут жа прадстаўнік раённай службы выратавання пералічыў усе патрабаванні бяспечнага палення печаў. Акрамя гэтых перасцярог гучалі з вуснаў выратавальніка і іншыя папярэджанні. Да прыкладу, адносна неахайнага курэння  ў нецвярозым стане, неабходнасці мець у сваёй хаце аўтаномны пажарны апавяшчальнік, аб небяспецы выхаду на заледзянелыя вадаёмы, аб мерах засцярогі ў галалёдзіцу і пры ўзмацненні маразоў.

Напрыканцы сустрэчы  вяскоўцы задавалі хвалюючыя  іх пытанні і атрымалі  абгрунтаваныя адказы.

Варта адзначыць, што сустрэчы прадстаўнікоў райаддзела па НС з насельніцтвам па месцы жыхарства адбываюцца даволі часта. Нярэдкая з’ява і  вулічныя ці нават дваравыя сходы. Выратавальнікі запрашаюць насельніцтва разам абмеркаваць важныя тэмы бяспечнага жыццядзейства нават у месцах стаянкі аўтамагазінаў. Часта такія дыялогі праходзяць непасрэдна ў будынках магазінаў, дзе вяскоўцы надзвычай часта збіраюцці і абмяркоўваюць цікавячыя пытанні. Так, інспектар ІНіП райаддзела па НС Віталій Пархомік меў гутарку-дыялог з жыхарамі вёскі Коланск непасрэдна ў мясцовым магазіне.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий