Начны рэйд выратавальнікаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Начны рэйд выратавальнікаў

14 октября 2015 - Александра Джежора
article2006.jpg

Як  сведчыць статыстыка пажараў на аб’ектах сельгасвытворчасці, якія адбыліся сёлета ў гаспадарках рэспублікі, далёка не заўсёды вартаўнікі сельскагаспадарчых аб’ектаў станоўча адносяцца да сваіх абавязкаў.  Возьмем хаця б  пажары нашай вобласці: у адной з гаспадарак на Кобрыншчыне на тэрыторыі фермы згарэла каля 45 тон сена. Прычына здарэння – дзіцячае свавольства з агнём, дзе дзеці безперашкодна прайшлі на тэрыторыю фермы. У адным з СВК Лунінецкага раёна пажар здарыўся ў будынку цялятніка. Вартаўнікі заўважылі яго толькі калі буйным полымем запалаў дах. Загінула некалькі дзясяткаў цялят.

А як жа выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі вартаўнікі сельгаскааператываў нашага раёна, у асаблівасці – у начны час? У пошуках адказу на гэтае пытанне мы наведалі гаспадаркі Косаўшчыны.

Першым аб’ектам нашай увагі стаў мехдвор СВК “Квасевічы”. Каля варот нас сустрэў вартаўнік Уладзімір Шыманчык. Ён як разу чарговы раз абыходзіў тэрыторыю і заўважыў пад’ехаўшы аўтамабіль. Праходзім у памяшканне прахадной, цікавімся веданнем абавязкаў у выпадку пажару і правіламі карыстання парашковым вогнетушыцелем, які знаходзіцца тут жа. На ўсе пытанні атрымоўваем станоўчы адказ. Недзе а 23-й гадзіне наведалі Квасевіцкую ферму.  На асветленай тэрыторыі сустракаем аднаго з вартаўнікоў. Праходзім у бытоўку. Стацыянарны тэлефонны апарат не працуе і вартаўнікі спадзяюцца на ўласныя мабільныя. Наконт нумару выкліку пажарных падраздзяленняў абодва называюць тэлефонны нумар дзяжурнай часці міліцыі –“102” і нават “02”. На пажарным шчыце, замацаваным на сцяне аднаго з будынкаў, змешчаны два парашковыя вогнетушыцелі. Цікавімся навыкамі па іх карыстанні, а нам замест парашковага вогнетушыцеля расказваюць пра хімічна-пенны, выпуск якіх спынены ўжо болей за 20 гадоў і правілы карыстання імі істотна розняцца. Побач са шчытом устаноўлена новенькая пафорбаваная скрыня для пяску, але пакуль пустая. Няма на шчыце ні рыдлёўкі, ні вядра. Самі ж вартаўнікі бесперашкодна кураць на тэрыторыі фермы дзе захочацца.

На жывёлагадоўчай ферме СВК “Мілейкі”  сустрэлі вартаўніка Ганну Кавалёву. Жанчына дасканала ведае свае абавязкі і правілы карыстання пярвічнымі сродкамі пажаратушэння. Апошнія, дарэчы, размешчаны на пажарных шчытах: два парашковыя вогнетушыцелі, два вядра, рыдлёўка і скрыня з пяском. На тэрыторыі механічных майстэрань пабачылі вартаўніка Канстанціна Бурвіна. Свае абавязкі ён ведае, ведае і правілы карыстання вогнетушыцелямі, якія таксама размешчаны на пажарных шчытах. А вось звязацца з выратавальнікамі мужчына збіраееца па тэлефоне “102”. Потым ён жартуе: гэта таму, што часта нясенне дзжурства правяраюць работнікі РАУС і мясцовы ўчастковы інспектар. Але з агнём жарты кароткія і пры пажары дарагая кожная хвіліна, таму вельмі важныя паслядоўныя і хуткія дзеянні вартаўніка.

 

Ужо пасля апоўначы пад’язджаем да жывёлагадоўчага комплексу ў Лазаўцах. Хвілін 15 губляем на пошукі вартаўніка. Нарэшце на нашы крыкі адгукаюцца дзве сабакі, а на напаўрастрэсеным рулоне сена разам з сабакамі ляжыць вартаўнік. Хутчэй за ўсё ён заснуў, падаслаўшы куртку і прачнуўся толькі ад нашых гуканняў. Праўда, яшчэ першапачаткова лежачы на сене спрабаваў нацкаваць на нас сабак. Нарэшце падняўся і падыйшоў бліжэй да нас.  Гутарым з ім. Вартаўнік паскардзіўся, што няма доступу да тэлефона, няма і ўласнага мабільніка і таму ён нават не ведае, што яму рабіць ў выпадку загарання. А яно на ферме магчыма хоць бы таму, што вартаўнік неахайна курыць на тэрыторыі. Добра, што не лежачы на сене. Дарэчы, у яго абавязкі ўваходзіць і нагляд за сенасховішчам. Толькі і да яго небяспечна падыходзіць курачы цыгарку. Каля сенасховішча усталявана ёмістасць з вадой, тут жа вядро і парашковы вогнетушыцель. Чарговасць дзеянняў пры яго прымяненні вартаўнік блытае, затое не маючы тэлефона ведае нумар выкліку выратавальнікаў. Другога вартаўніка мы пабачылі ў кацельні: ён спаў, зручна ўладкаваўшыся на ляжанцы, якой, дарэчы, тут не павінна быць. У гэтага  вартаўніка ёсць уласны мабільны тэлефон, але нумару выкліку пажарных ён не памятае. Тут жа, у кацельнай ёсць вогнетушыцель, але  вартаўнік не ўмее ім карыстацца.  

 

На жывёлагадоўчым комплексе  ў Старажоўшчыне СВК “Косава” для вартаўнікоў устаноўлены перасоўны вагончык. Але падаецца, што тут нібы знарок створаны ўмовы для пажару, а то і гібелі. Па-першае, трэцюю частку вагончыка займаюць матрацы, на якіх бестурботна ў цемры на час нашага візіту спаў вартаўнік. Электраэнергіі ў вагончыку няма, металічная печ-буржуйка няспраўная, на падлозе безліч абгарэлых запалкаў і акуркаў, парожнія бутэлькі з-пад віна ці з рэшткамі яго. Сам вартаўнік на першае месца сваіх абавязкаў ставіць кармленне жывёлін. Абавязкі вартаўніка, як такога, лічыць другараднымі. Ды і не ведае ён сваіх абавязкаў, як не ведае і дзеянняў у выпадку магчымага ўзгарання, а таксама дзе знаходзяцца пярвічныя сродкі пажаратшэння. Ды і сам ён з цяжкасцю вымаўляе словы з-за прынятай дозы спіртнога. Другога вартаўніка на месцы не аказалася.

Прыемна адзначыць сустрэчу з вартаўніком Юрыем  Сіваплясам на механічным двары СВК “Косава”. Нягледзячы на такі позні час (амаль  1 гадзіна ночы) вартаўнік з ліхтаром у руках абыходзіў тэрыторыю мехдвара. Юрый Пятровіч заўважыў, што далекавата да складу ГЗМ і таму самае малое на адзін абыход ідзе болей за 20 хвілін.  Сам ён свае абавязкі ведае, карыстацца вогнетушыцелем умее. Як высветлілася, ён прысутнічаў на апошніх занятках па пажарна-тэхнічнаму мінімуму, якія праводзілі ў гаспадарцы выратавальнікі напярэдадні жніва і таму многа запомніў.

Вынікі рэйду адназначныя: вартаўнікі павінны больш адказна ставіцца да сваіх непасрэдных абавязкаў. А вось кіраўнікам гаспадарак, адказным асобам іншага рангу не шкодзіла б час ад часу правяраць нясенне варты на падведамасных аб’ектах. І найперш, чым даверыць чалавеку сцерагчы ферму ці механічныя майстэрні, чалавека гэтага трэба навучыць правільным, паслядоўным дзеянням у выпадку якога-небудзь надзвычайнага здарэння. І больш патрабавальна трэба ставіцца да дысцыпліны працы, а то як высвятляецца, некаторых вартаўнікоў трэба саміх вартаваць.

 

Віталій Дыдышка, першы намеснік начальніка Івацэвіцкага райаддзела  па НС.

Валерый Молаш, ст. інспектар групы  прапаганды і ўзаемадзеяння з  грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий