Напярэдадні навагодніх святаў... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Напярэдадні навагодніх святаў...

19 декабря 2017 - Александра Джежора
article3616.jpg

 У межах рэспубліканскіх прафілактычнай акцыі “Бяспечны Новы год!” і дабрачыннай  акцыі “Нашы дзеці” івацэвіцкія выратавальнікі разам са сваімі юнымі памочнікамі, актывістамі раённага аддзялення БМГАВП, дзевяцікласнікамі ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы” братамі Іванам і Вадзімам Кулінічамі наведалі дамы сямейнага тыпу.

У доме сямейнага тыпу Наталлі Віктараўны і Сяргея Васільевіча Сазончыкаў, дзе падрастаюць шасцёра малалетніх дзетак, выратавальнікі распавядалі аб патрабаваннях бяспекі пры святкаванні сустрэчы Новага года і Калядаў, аб правілах усталявання навагодняй елкі такім чынам, каб яна не аказалася крыніцай пажару. Многа гаварылася аб патрабаваннях да ёлачнай ілюмінацыі, пры гэтым заўважалася менавіта для бацькоў, што нельга дазваляць малым дзецям (у сям’і Сазончыкаў трое дашкольнікаў) самастойна ўключаць і выключаць ёлачную электрагірлянду, пакідаць яе ўключанай працяглы час і без увагі, а таксама не пакідаць дзяцей адных у пакоі каля елкі пры ўключанай электрагірляндзе.

Далейшыя заўвагі-папярэджанні тычыліся прымянення піратэхнікі, мерах перасцярогі каля яе і забароны нават браць у рукі піратэхнічныя вырабы дзецям, не тое, што іх падпальваць.

Каб малыя як мага лепей і больш трывала ўсвядомілі інфармацыю ім былі прапанаваныя тэматычныя гульні. Варта зазначыць, што хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю аднесліся да іх. Разам прагледзелі некалькі серый, аб’яднаных зімовай тэматыкай, з папулярнага ў дзіцячым асяроддзі мультсерыялу “Чароўная кніга МНС”.

Былі яшчэ і іншыя падарункі ад выратавальнікаў, кшталту настольнага гадзінніка для хлопчыкаў і самаклеючага кветкавага пано для дзяўчынак, а таксама тэматычная літаратура: размаляванкі, пропісы, кніжкі і буклеты. Словам, усё тое, што дапаможа зрабіць далейшае жыццё бяспечным.

Валерый МОЛАШ, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий