Нарыхтавалі – зберажыце! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Нарыхтавалі – зберажыце!

27 июня 2016 - Administrator
article2532.jpg

 У гаспадарках раёна амаль  завершана нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу. Узброіўшыся вільгометрам і тэрмометрам, наша рэйдавая група наведала шэраг гаспадарак косаўшчыны. нас цікавіла якасць нарыхтаванага сена і арганізацыя пажаранебяспечнасці сенасховішчаў. 

Ферма ў Бялавічах (СВК “Косава”) не працуе, але тут эксплуатуюцца два сенасховішчы. Сама тэрыторыя фермы прывабіла двух хлапчукоў-дзесяцігодак: яны каталіся тут на веласіпедах. Толькі пасля нашых заўваг яны пакінулі тэрыторыю фермы, якая ніякім чынам не павінна аказацца гульнёвай пляцоўкай, але ці надоўга? Абодва сенасховішчы ўяўляюць сабой шыферныя арачнікі. Тут застаецца няспраўнай маланкаахова. Тэрыторыя сенаскладоў не абкошана, не абарана. Сетчатыя вароты з аднаго боку нібыта зачыненыя на замок, але праём паміж секцыямі  дазваляе даросламу чалавеку бесперашкодна прабрацца ўнутр сенасховішча. 

На шкале вільгометра, які пранік у першы рулон, з’яўляецца паказчык 30,5%. Значыць сена пераўвільготненае. Магчыма, вільгаці прыбавіў дождж, бо рулоны складзены на самым уваходзе. Тыльны бок сенасховішча закалочаны дошкамі, аднак таксама прабрацца ўнутр вельмі проста. Калі ўлічыць з’яўленне на тэрыторыі фермы дзяцей і ўспомніць нядаўні пажар у СВК “Новыя Стайкі”, дзе ў выніку дзіцячага свавольства з агнём загарэліся дзве сцірты леташняй саломы, то такія абставіны выклікаюць абаснаваную трывогу. 
Тыя ж недахопы выяўлены і ў сенаскладзе на тэрыторыі фермы ў Старажоўшчыне гэтай жа гаспадаркі. Дабаўляе недахопаў устаноўленая каля сенасховішча парожняя ёмістасць для вады. 

Жалезабетонны навес для сена на жывёлаводчым комплексе “Лазаўцы” ААТ “Мілейкі” амаль цалкам запоўнены спрасаваным у рулоны сенам. У гаспадарцы маюцца свае прыборы для замеру вільготнасці і тэмпературы, вядзецца штодзённы кантроль і загадчыца комплексу Алена Воран паказала нам журнал рэгістрацыі паказчыкаў. Тут жа ўстаноўлена бочка з вадой, адвадным кранам і вядром. Ля ўвахода ў сенасклад размешчаны парашковы вогнетушыцель на 8 кг, а на сценах – знакі проціпажарнай бяспекі. Замеры вільготнасці паказалі, што яна блізкая да нормы, а вось тэмпературны паказчык норму перавышае.  Пры гэтым трэба памятаць, што такому сену ўласціва самаўзгаранне.

  Сенасховішчы  на тэрыторыі фермы “Іёдчыкі” СВК “Квасевічы” – капітальныя, жалезабетонныя збудаванні, раздзеленыя на некалькі секцый. Прыемны, духмяны пах сена сведчыць аб высокай якасці, што пацвярджаюць зробленыя замеры. Каля ўваходу ў кожную секцыю ўстаноўлены бочкі з вадой і вёдрамі. Ёсць тут і два пажарныя шчыты, на кожным размешчаны па два парашковыя вогнетушыцелі, скрыні з пяском і насыпаныя побач кучы пяску. Не пашкодзіла б толькі ачысціць усю прылягаючую тэрыторыю ад куч леташняй саломы ці сена.

Нарыхтоўка грубых кармоў працягваецца, а гэта значыць, што ніякіх падстаў для самазаспакаення няма. Па-першае, не церпіць адкладу рамонт маланкааховы там, дзе яна неабходна.  Сенасклад павінен быць забяспечаны сродкамі пажаратушэння і яны павінны заставацца тут пасля таго, як сена будзе складзена. Трэба абмежаваць доступ нават на тэрыторыю сенасховішча, не тое, што магчымасць пралезці ўнутр яго пабочным асобам, дзецям. Добра, калі нагляд за сенаскладамі (большасць іх месціцца на тэрыторыі фермаў) уваходзіць у абавязкі начных вартаўнікоў.
Віталій Дыдышка, першы намеснік начальніка райаддзела па НС.
Алена Булак, хімік-таксіколаг 
ДУ “Івацэвіцкая райветлабараторыя”.
Валерый Молаш, ст. інспектар прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий