Навучыць дзяцей правілам бяспекі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Навучыць дзяцей правілам бяспекі

article2461.jpg


Каб пажараў па віне дзяцей было як мага меней, выратавальнікі трымаюць выхаванцаў діцячых садоў і школьнікаў, асабліва малодшых, у полі павышанай увагі. Для іх арганізоўваецца і праводзіцца шэраг разных мерапрыемстваў, гульняў, конкурсаў, мэта якіх – навучыць дзяцей правільна весці сябе ў выпадку пажару ці іншага надзвычайнага здарэння, годна выйсці з любой небяспечнай сітуацыі і, вядома, не дапускаць гульні з агнём.

 

“Што будзеш рабіць, калі ў сваго сябра ў садку пабачыш запалкі ці запальніцу?” – гучыць пытанне. І хлопчык, не разгубіўшыся, выказваецца: “Забяру і аддам дарослым, бо з запалкамі гуляць нельга!”. Менавіта так было пад час тэматычнага кіналекторыя ў ДУА “Яслі-сад №4 г. Івацэвічы”. Хлопчыкам і дзяўчынкам расказалі пра два бакі агню: агонь-сябра і агонь-вораг. А тое, якім бокам павернецца агонь да чалавека, залежыць ад самога чалавека, як уладара агню. Далей малыя наперабой расказваюць аб прычынах узнікнення пажару, гучна выкрыкваюць тэлефонныя нумары выратавальнікаў, пералічваюць усе магчымыя сродкі для тушэння агню…

            Героі мультыплікацыйных фільмаў (Фіксікі, Смяшарыкі, Аркадзій Паравозаў і іншыя) дапамагаюць малым замацаваць у сваёй свядомасці пачутае. А для большага ўспрыняцця вогненай небяспекі з выхаванцамі садкоў правозяцца тэматычныя конкурсы загадак. Ёсць і безліч іншых гульняў. Ды, ўвогуле сам кіналекторый будуецца на пытаннях і адказах.

            Тэматычныя кіналекторыі “Каб у ваш дом не прыйшла бяда, будзьце з агнём асцярожныя заўжды” прайшлі ўжо ў большасці дзіцячых садкоў раёна. Прыемна адзначыць, што ў большасці сваёй выхаванцы пастаянна дэманструюць свае добрыя веды і дасведчанасць наконт патрабаванняў бяспекі. За гэта яны заўсёды атрымоўваюць заахвочвальныя прызы – размаляванкі, у тым ліку і тэматычныя, павучальныя “Першыя пропісы бяспекі” і “Вучым правілы бяспекі разам”. Большасць вучняў школ раёна таксама ўжо пабывалі ўдзельнікамі тэматычных кіналекторыяў пад агульнай назвай “Школа выжывання”. У шэрагу школьных і дашкольных устаноў адукацыі ў рамках нядаўняй рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі “За бяспеку разам”, дзе ключавое слова – разам, праведзены “Урокі асцярожнасці” і “Дні бяспекі”.

            Актыўна прымаюць удзел у творчым працэсе  і выхавацелі дзіцячых дашкольных устаноў раёна. Дастаткова нагадаць, што ў шэрагу садкоў абсталяваны тэматычныя пакоі па пажарнай бяспецы: ДУА “Косаўскі дзіцячы сад”, ДУА “Яслі-сад №3 г. Івацэвічы”.  Выдатны дзіцячы куток па пажарнай бяспецы абсталяваны ў ДУА “Яслі-сад №4 г. Івацэвічы”, а цяпер тут працуюць па абсталяванні дзіцячай гульнёвай пляцоўцы па правілах пажарнай бяспекі, бо пляцоўка па правілах дарожнага руху ўжо ёсць. Абсталяваныя з добрым густам такія пляцоўкі і эфектыўна выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе ў ДУА “Целяханскі яслі-сад №3”, ДУА “Яслі-сад №3 г. Івацэвічы”. Хутка такая пляцоўка дапаможа вучыць малых бяспецы і ў ДУА “Яслі-сад №5 г. Івацэвічы”. Увагі і вышэйшай пахвалы заслугоўвае ўклад у прывіванне сваім выхаванцам асноў бяспечнай жыццядзейнасці калектыву ДУА “Хадакоўскі дзіцячы сад”.

            Наперадзе лета, а гэта менавіта той час, калі дзеці ў сваёй большасці праводзяць вольны час на вуліцы, бавяць яго ў розных гульнях, якія пад час тояць у сабе небяспеку. Каб яна абыйшла бокам кожнае дзіця, кожную сям’ю, акрамя праводзімай навучальна-выхаваўчай работы выратавальнікамі і педагогамі, не павінны заставацца ў баку бацькі. Менавіта яны  павінны замацаваць дадзенае ў садку альбо школе ў свядомасці дзіцяці ўласным прыкладам. Трэба зрабіць усё магчымае, каб прыкладзеныя намаганні па навучанню, ахове і абароне дзяцей не прайшлі дарэмна.

 

 

 

 

 
Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий