Пільная ўвага - уборачнай кампаніі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пільная ўвага - уборачнай кампаніі

1 августа 2017 - Александра Джежора
article3339.jpg

 Гаспадаркі раёна актыўна прыступілі да ўборкі збожжавых. Настала самая адказная пара і для аграрыяў, і для выратавальнікаў. І хоць апошнія не кінулі масава службу і не пераселі за штурвалы зернеўборачных камбайнаў, тым не меней значны прамежак часу яны праводзяць каля тых жа камбайнаў, на збожжасушыльных комплесах. Выратавальнікі сумесна з працаўнікамі сяла працуюць над тым, каб не толькі ўбраць вырашчаны ўраджай без страт, але і захаваць яго, бо вырасціць – гэта яшчэ не значыць выкарыстаць. Штодня работнікі райаддзела па НС праводзяць комплексы мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне пажараў на задзейнічаных на ўборцы аб’ектах, камбайнах, вядуць дзяжурствы на паях каля працуючых груп камбайнаў.

Выратавальнікі праводзяць маніторынгі правільнай арганізацыі выканання правіл пажарнай бяспекі ў перыяд уборачнай кампаніі, праследжваюць стан  і ўкамплектаванасць тэхнікі пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, стан механізмаў уборачнай тэхнікі. Яшчэ дадаткова праводзяць інструктажы і навучаюць авалоданню навыкамі дзеянняў пры пажары.

Так, першы намеснік начальніка райаддзела па НС Віталій Дыдышка наведаў шэраг гаспаадарак раёна, у тым ліку ААТ “Пагор’е”, філіял “Дабромысль” ТАА “Брэст-травы”. У першай гаспадарцы прайшла грунтоўная гутарка-інструктаж, на якой прысутнічалі ўсе прадстаўнікі гаспадаркі, хто мае дачыненне да ўборачнай кампаніі. Далей Віталій Аляксандравіч уважліва агледзеў камбайны, якія  забяспечаны неабходным камплектам сродкаў пярвічнага пажаратушэння.

Адзін камбайн “ACROS-530” працаваў на полі філіялу “Дабромысель” ТАА “Брэст-травы” паблізу в. Селец, тут жа ў якасці прыкрыцця на выпадак магчымага ўзгарання камбайна, пожні ці саломы нясе варту па папярэдняй дамоўленасці пажарная аўтацыстэрна ПАВП в. Дабромысль. І тут камбайн забяспечаны неабходнымі сродкамі пажаратушэння, а механізатар мае пэўныя навыкі па яго скарыстанню. Дарэчы, напярэдадні механізатары гаспадаркі прайшлі навучанне правілам пажарнай бяспекі па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. Добра ведаюць свае абавязкі на выпадак узгарання і работнікі збожжасушыльнага комплексу гаспадаркі (на здымку). Тут жа  і набор проціпажарнага інвентару з рыдлёўкамі-ведрамі, скрыня з пяском, а непадалёк – ёмістасць з вадой. Даволі хутка дастаў з кабіны парашковы вогнетушыцель і вадзіцель МАЗа Рыгор Мелянчук, які задзейнічаны на адвозцы збожжа з-пад камбайнаў. Але на пытанне, як жа яго прывесці ў дзеянне, мужчына крыху разгубіўся і прапанаваў яго перавярнуць уверх дном, што для скарыстання парашковага вогнетушыцеля зусім не патрэбна.

Паблізу Любішчыц тры камбайны ўбіралі пшаніцу. Тут жа чатыры МАЗы-самазвалы для адвозкі зерня ад камбайнаў і прыстасаваная для мэт пажаратушэння аўтацыстэрна ААТ “Любішчыцы”. Інжынер ІНіП райаддзела па НС Арцём Кульгавеня спыняе пачаргова камбайны, аглядае іх, напамінае аб неабходнасці штодзённай ачысткі іх ад саломістых рэшткаў, цікавіцца наконт поўнай укамплектаванасці камбайнаў вогнетушыцелямі і іншымі пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, ведамі па скарыстанню вогнетушыцеляў.  Сямейныя экіпажы Молашаў і Саўчанкаў (бацькі і сыны) адказваюць бездакорна на ўсе пытанні адносна дзеянняў на выпадак магчымага ўзгарання. Гэтак жа бойка і дакладна адказалі іншыя камбайнеры, вадзіцелі МАЗаў. Усе задзейнічаныя на ўборцы і перапрацоўцы збажыны  прайшлі на пачатку жніва навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. Вось толькі на руках пасведчанняў у вадзіцеляў і механізатараў пакуль няма.

Такія рэйды-маніторынгі, якія нясуць інфармацыйна-тлумачальную дапамогу аграрыям, івацэвіцкія выратавальнікі будуць праводзіць у гаспадарках на працягу ўсяго ўборачнага перыяду. Усе павінны зразумець нарэшце, што любое надзвычайнае здарэнне куды лягчэй папярэдзіць, чым пасля ліквідаваць яго наступствы.

 Валерый  Молаш,  старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий