Пад пільным кантролем выратавальнікаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пад пільным кантролем выратавальнікаў

article2586.jpg

 У гаспадарках Івацэвіцкага раёна жніво, што называецца, у самым разгары. Але каб сапраўды нічога не разгарэлася буйным полымем, за супрацьпажарным станам працуючай тэхнікі, а таксама за няўхільным выкананнем патрабаванняў правіл пажарнай бяспекі ў перыяд збожжаўборачнай кампаніі  сочаць прадстаўнікі раённай службы МНС.

Паралельна з уборкай збожжавых праходзіць і ўборка саломы, бо не за гарамі і падрыхтоўка глебы пад сяўбу, ды і сама сяўба азімых. Варта зазначыць, што ў некаторых гаспадарках уборку саломы (лічы: нарыхтоўку  грубых кармоў) лічаць справай другараднай. Часам тут паслабляюцца і само выкананне процівапажарных норм і правіл, і кантроль за супрацьпажарным станам працуючай тэхнікі. Старшы  інжынер ІНіП Івацэвіцкага райаддзела па НС Павел Церашчук наведаў убраныя палі шэрага гаспадарак раёна, дзе ўжо вядзецца прасаванне і ўборка саломы. Так, на полі паблізу агр.Воля аднайменнага сельскагаспадарчага ўчастка ААТ “Івацэвічыагратэхсервіс” праходзіць пагрузка і вываз спрасаванай у прамавугольныя цюкі саломы. Тут працуе пагрузчык і два “Беларусы” з платформамі для адвозу саломы да месца захоўвання.  Выхлапная труба пагрузчыка забяспечана іскрагасільнікам, адзін з трактароў таксама мае іскрагасільнік, а вось аб’ёму вогнетушыцеля, які прадэманстраваў механізатар (усяго 1 кг.) яўна недастаткова для ліквідацыі любога магчымага ўзгарання. Іншых сродкаў пажаратушэння на тэхніцы няма.

Пад’ехаўшы сюды начальнік участка запэўніў, што усе выяўленыя недахопы будуць  выпраўлены, тым болей, што ўсе працуючыя на ўборцы збожжавых і саломы механізатары сельгасучастка пад асабісты подпіс атрымалі і іскрагасільнікі, і вогнетушыцелі.

Да любой даручанай справы, звязанай з сельгасвытворчасцю, трэба ставіцца адказна, патрабавальна. Толькі так можна пазбегнуць  непрыемнасцяў.

Валерый Молаш, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий