Пад пільным кантролем выратавальнікаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пад пільным кантролем выратавальнікаў

11 августа 2015 - Александра Джежора
article1880.jpg


Пад пільным кантролем выратавальнікаў:

 

Лясы

 

На тэрыторыі раёна працяглы час утрымоўваецца анамальна спякотнае, засушлівае надвор’е.  Дзейнічае і строгая забарона на наведванне лясоў з якой бы там ні было мэтай. Цікавячыся, як выконваюцца патрабаванні наконт мараторыя на паходы ў лес, першы намеснік начальніка райаддзела па НС Віталій Дыдышка наведаў Калінінскае лясніцтва ДЛГП “Целяханскі лясгас”. Тут на працягу ўсяго лета вядзецца журнал рэгістрацыі ўсіх наведвальнікаў падведамасных лясоў. Апошні лясны візіцёр зарэгістраваны яшчэ 17 ліпеня і далей хадзць у лес катэгарычна забаронена. У лясніцтве зроблена многае для абароны лесу: абноўлены ахоўныя поласы ўздоўж ажыўленай аўтадарогі “Івацэвічы – Пінск”, на ўсіх з’ездах устаноўлены пафарбаваныя шлагбаўмы з адпаведным забараняючым тэкстам, а побач – плакат, які выразна заклікае берагчы лес ад пажару (на здымку 1).  Работнікамі лясніцтва  ажыццяўляецца пастаянны кантроль за станам лесу.

 

 

Жніво

 

 

Гаспадаркі раёна завяршаюць жніво. Менавіта ў яго апошнія дні і паслабляецца ўвага і пільнасць усіх занятых на жніве ў плане выканання патрабаванняў проціпажарных правіл. Таму уборка застаецца пад пільным наглядам  выратавальнікаў да таго часу, пакуль поле не пакіне апошні камбайн, пакуль не будзе ўбрана і звезена на захоўванне ўся салома.

Так, на ячменным полі паблізу в. Гічыцы на момант прыезду сюды работнікаў інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па НС працаваў адзін збожжаўборачны камбайн “Акрас”, тут жа трактар з бочкай, шлангам і помпай нясе вахту па прыкрыцці ад ўзгаранняў, самазвал “МАЗ”, задзейнічаны на адвозцы збажыны. На суседнім полі працуе трактар з рулонным прэспадбошчыкам. Цікавімся найперш работай трактара з бочкай з вадой і помпай. Уключаем помпу і падаем ваду. Усё працуе, толькі шланг для падачы вады мае дзіркі-свішчы, праз якія струменіць вада. Вады недастаткова і на камбайне. Ён забяспечаны парашковымі вогнетушыцелямі, як, дарэчы, і грузавік, і  камбайнеры і вадзіцель ведаюць, як іх скарыстаць. Трактары з бочкай і прэсам аснашчаны іскрагасільнікамі.  Гэта добра.

 

 

Аб’екты адукацыі

 

 

Ужо зусім хутка школьны званок пакліча дзятву за парты. Апошнія жнівеньскія дзянькі для работнікаў школ і дзіцячых садкоў самыя напружаныя, нават аўральныя. Завяршаецца рамонт. У ДУА “Целяханская СШ” касметычны рамонт амаль завершаны: пафарбаваныя падлога ў калідорах і класах, сцены. Знесеныя ў калідоры вазоны з кветкамі загрувашчваюць падыходы да большасці вогнетушыцеляў, замацаваных на сценах. Застаюца пакуль знятымі для нібы та зручнасці пад час рамонтных работ даводчыкі з дзвярэй.  Гэта ўсё, канешне, лёгка паправіць. А яшчэ трэба тэрмінова звярнуцца да абслугоўваючай сістэму пажарнай сігналізацыі і апавяшчэнні арганізацыі з мэтай навесці тут належны парадак. Да пачатку новага навучальнага года варта абнавіць усе школьныя інфармацыйныя стэнды і куточкі  лістоўкамі і памяткамі, адпаведна восеньскаму сезону.

У ДУА “Яслі-сад №2 г.п. Целяханы” не чуваць звонкіх дзіцячых галасоў. Дзіцячы садок зачынены для наведвання на два тыдні – праводзіцца рамонт. Работа, што называецца, кіпіць. Каб патрапіць на другі паверх ці спусціцца з яго скарыстоўваюцца вонкавыя лесвіцы шляхоў эвакуацый. Каб жа яны толькі скарыстоўваліся для такіх мэтаў.

 

 

Вадаёмы

 

Спякота нястрымна цягне людзей да вады. На Вулькаўскім возеры, што паблізу г.п. Целяханы шматлюдна толькі бліжэй да вечара, недзе пасля 16-ці гадзін. Аднак і апоўдні тут нямала людзе, большасць з якіх  з дзецьмі. Як высветлілася, значная колькасць адпачываючых у дзённы час – людзі прыезджыя, але ўражэнцы Целяханшчыны (адпускнікі з Брэста, Мінску, Баранавічаў). Тут жа мы сустрэлі і матроса-выратавальніка раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах. Разам з ім папоўнілі інфармацыйныя стэнды новымі памяткамі для адпачываючых, тэматыка якіх  “Вада не любіць п’яных” і “Бяспека малых дзяцей каля вады”. Пагутарылі з адпачываючымі (на здымку 2), нагадалі ім меры перасцярогі пад час купання і знаходжання на беразе, пацікавіліся іх ведамі наконт аказання першай дапамогі таму, хто тоне.  Сітуацыю ацанілі станоўча. Сапраўды, бераг возера з боку амфітэатра забяспечаны ўсім неабходным. Арганізаваны філіялам “Целяханскі” Івацэвіцкага райста і выязны гандаль.

Служба жыллёва-камунальнай гаспадаркі за адпаведны кошт прапануе пракат мангалаў і шампуроў, нават гамакоў.

Вось толькі мяркуючы па абгарэлых галавешках, адпачываючыя тут далека не заўсёды скарыстоўваюць для развядзення вогнішчаў спецыяльна адведзеныя і абсталяваныя месцы. Бачна, што кастры паляць каля дрэў ці проста на траве. А яшчэ тут жа, на папялішчы кастроў пакідаюць смецце пасля сябе. Ну, ці ж так адпачываюць?

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий