Падчас праверак жылога сектара — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Падчас праверак жылога сектара

article2286.jpg


Каб пажараў у жылых дамах і кватэрах было як мага меней, івацэвіцкія выратавальнікі прадпрымаюць мноства розных прафілактычных мерапрыемстваў. Самым эфектыўным з’яўляецца маніторг (праверка) жылля з мэтай выяўлення парушэнняў патрабаванняў правіл пажарнай бяспекі і хутчэйшага іх выпраўлення.

            Пад пільнай увагай выратавальнікаў па-ранейшаму застаюцца тыя дамы і кватэры, дзе жывуць шматдзетныя сем’і, сем’і, дзе малалетнія дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама адзінокія і адзінокапражываючыя састарэлыя людзі, інваліды. Турбуюць выратавальнікаў і грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і кураць.

            Усяго на працягу двух першых месяцаў бягучага  года выратавальнікі агледзелі 1164 жылых дамоў і кватэр, мерам пажарнай бяспекі ў ходзе праверак жылля праінструктавана 2215 чалавек.  Пад пільным вокам выратавальнікаў былі 340 дамоў, дзе жывуць шматдзетныя сем’і. Часам бывае так, што малодшыя пакінуты пад дагляд старэйшых, якія таксама яшчэ патрабуюць кантролю. І дарэмна некаторыя таты і мамы на заўвагу наконт запалак і запальніц на стале, каля пліты, словам, у лёгка даступным  месцы, стараюцца запэўніць, што іх дзеці ніколі не праяўлялі зацікаўленасці да гэтых прадметаў. Куды лепей запалкі схаваць падалей ад дзіцячых рук і вачэй, а малому дасціпна для яго дзіцячага розуму патлумачыць, наколькі небяспечны і непрадказальны можа быць агонь.

            Маніторынгі жылых дамоў ажыццяўляюцца работнікамі інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па НС нават у выхадныя дні, бо далёка не заўсёды магчыма застаць дома таго ці іншага грамадзяніна. Днямі першы намеснік начальніка райаддзела па НС Віталій Дыдышка наведаў адпаведныя катэгорыі жыхароў вёсак Заполле і Бялавічы Квасевіцкага сельвыканкама.  Выяўленыя парушэнні характэрныя і паўтараюцца: няспраўная электраправодка, падключэнне электрапрыбораў праз няспраўныя штэпсельныя раз’ёмы, паленне печаў з расчыненымі дзверкамі і складванне дроў на падлозе перад тапліўнікам, дзе паліцца, загрувашчанне гарышчаў згаральнымі матэрыяламі. Зрэшты, усе добра разумеюць, што рэчы, занесеныя на гарышчы (лічы – выкінутыя) нікому і ніколі болей не спатрэбяцца, але складваюцца там і папаўняюцца. Не забывайце, што ў выпадку ўзнікнення пажару ўсё гэта будзе дадатковай “ежай” агню. Дарэчы, назіраецца і станоўчая тэндэнцыя да выпрўлення становішча: з 1164 правераных дамоў выяўлена толькі 22 парушэнні правілаў пажарнай бяспекі.  Значыць,  большасць грамадзян ставяцца да сваёй бяспекі ўважліва, патрабавальна. Усім бы так.

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий