Падпалілі траву - атрымалі штраф — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Падпалілі траву - атрымалі штраф

article1593.jpg


 

Нягледзячы на ўсялякага роду папярэджанні і перакананні наконт бяспекі, пэўная частка нашага насельніцтва настойліва працягвае паленне сухой, мінулагодняй расліннасці, што амаль заўсёды заканчваецца пажарам. І прыкладаў таму дастаткова: гэта і пажар ў в. Гладышы, дзе амаль знішчаны агнём чатыры нежылыя, пакінутыя дамы разам з гаспадарчымі пабудовамі, гэта гаспадарчыя хлявы ў Міроніме і Сярадаве. Падпаліла траву на сваім падворку і пенсіянерка з Рудні. Вынік – знішчаная агнём гаспадарчая пабудова, да таго ж гаспадыня была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафа.

 

 

 

Вядома, любы пажар лягчэй папярэдзіць, чым патушыць. Вось і праводзяцца ў гэтыя напружаныя для выратавальнікаў і іншых зацікаўленых службаў рэйды ў населеных пунктах. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі падчас палення смецця да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты пенсіянерка з пасёлка Зялёны Бор Валянціна Сліж, жыхарка в. Горталь, пенсіянерка Кацярына Бінкоўская ( у памеры адной базавай велічыні), жыхару Рэчак Аляксею Арцюху яго бяспечнасць каштавала трох базавых велічынь (540 000 рублёў). Патаннеў уласны кашалёк і ў Таісіі Віктаровіч з Горталя, Мікалая Прытупы з агр. Воля, Васіля Валінскага  з в. Стайкі, жыхара райцэнтра Васіля Дылюка за развядзенне кастра насуперак патрабаванням правіл пажарнай бяспекі на прысядзібным участку ў агр. Воля, пенсіянеркі з в. Верашкі Яўгеніі Таптала і шэрагу іншых грамадзян. А колькі выпадкаў, калі гаспадары кароў, авечак ці коз з дапамогай агню спрабуюць паскорыць рост травы на выгане для паства. За непрыняцце мер па абмежаванню распаўсюджвання гарэння сухой расліннасці і яго ліквідацыі і, вядома, дапушчэння веснавых палаў  на сельгасугоддзях СВК “Любішчыцы” да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты старшыня СВК “Любішчыцы” Міхаіл Радэня і галоўны аграном гэтай жа гаспадаркі Мікалай Рыбак. Вось і даводзіцца змагацца з лёгкадумнымі падпальшчыкамі вось такім сродкам. Усяго з пачатку сакавіка 24 адміністрацыйныя пратаколы складзены прадстаўнікамі райаддзела па НС, тры пратаколы складзены прадстаўнікамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы акружаючага асяроддзя. Зазначу, што часцей за іншых за запалкі бяруцца з мэтай палення травы ці сабранага смецця людзі сталага ўзросту.  

 

 

У выніку пажараў сухой расліннасці селета ў рэспубліцы загінулі ўжо 11 чалавек, 2 з іх – жыхары нашай вобласці.  Толькі за адны суткі 18 сакавіка ахвярамі травяных пажараў сталі 5 жыхароў рэспублікі, выратавальнікі зарэгістравалі анамальна вялікую колькасць пажараў – 359 выпадкаў на працягу сутак.

Згодна артыкулу 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, пожні на палях альбо непрыняцце мераў па ліквідацыі палаў вінаватым пагражае штраф у памеры ад 1 млн. 800 тысяч да 7 млн. 200 тысяч рублёў, развядзенне кастроў у забароненых месцах пагражае папярэджаннем ці накладаннем штрафа ў памеры да 12-ці базавых велічынь.

Няўжо кожны, хто “наводзіць парадак” такім няпэўным і небяспечным спосабам, парушаючы патрабаванні заканадаўства, гатовы адразу выкласці такую суму (штрафаў у крэдыт не бывае)

Райаддзел па надзвычайных сітуацыях у чарговы раз напамінае аб забароне на вясеннія палы і дае наступныя рэкамендацыі:

Не выпальвайце сухую траву і кустоўе: гэта небяспечна не толькі для прыроды, але і для людзей;

Не пакідайце кастры без нагляду, дасканала тушыце акуркі і запалкі перш, чым выкінуць іх;

Пры выяўленні некантралюемага гарэння паспрабуйце патушыць самастойна падручнымі сродкамі (зямлёй, голлем) і пераканайцеся ў поўным патуханні, у зваротным выпадку, калі бачыце, што з гарэннем вам не справіцца  – паведаміце неадкладна па тэлефонах 101 ці 112 аб гарэнні і хутка пакіньце месца пажару.

 

 

 

Валерый  Молаш, старшы  інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий