Паклапаціцеся аб сваёй бяспецы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Паклапаціцеся аб сваёй бяспецы

article2343.jpg

Многім даводзілася бачыць вынік пажару ў жылым доме, калі яго сцены і перакрыццё застаюцца непашкоджанымі, а дах згарае цалкам. Прычына ўзнікнення такога пажару крыецца найперш у няспраўнасці дымахода.

Сапраўды, некаторыя домаўладальнікі бываюць на гарышчах сваіх дамоў аднойчы за дзесяцігоддзі, ігнаруючы патрабаванні Правілаў пажарнай бяспекі. У некаторыя нават няма лесвіцы, каб залесці на гарышча.  Калі дымаход своечасова не ачышчаць ад сажы, якая там скапілася, то яе становіцца ўсё болей і яна мае ўласцівасць загарацца. Гарэнне сажы цягне павышэнне тэмпературы, у выніку чаго ў цаглянай кладцы дымаходу з’яўляюцца трэшчыны. Калі ж іх своечасова не ліквідаваць, то з цягам часу ў выніку новых гарэнняў сажы яны павялічваюцца і праз іх вылятаюць іскры, трапляюць на гарышча. А гарышчы большасці дамоў вяскоўцаў хутчэй нагадваюць склад непатрэбных рэчаў. Памятайце, што ўсё гэта – добрая ежа для агню. Таму  часцей аглядайце свае дымаходы ў вобласці гарышча, атынкуйце і пабяліце іх – гэта дазволіць вам хутчэй выявіць трэшчыну і ліквідаваць яе. Ведайце, што недапушчальна ўсталёўваць дымаходы з азбестацэментных ці керамічных трубаў, бо ў выніку нагрэву яны могуць лопнуць і рассыпацца на кавалкі. Пажар тады непазбежны.

Не пакідайце без увагі і так званы агаловак дымаходу: гэта тое, што ўзвышаецца над каньком даху. Ён таксама павінен быць без трэшчын і быць не ніжэй, за паўметра. У зваротным выпадку дрэнная цяга паспрыяе пранікненню дыму ў пакой праз тапліўнік печы.

Часам прычынай няшчасных выпадкаў аказваюцца газавыя прыборы і абсталяванне. А таму пры эксплуатацыі праточных і ёмкасных воданагравальнікаў, ацяпляльных газавых апаратаў і катлоў неабходна памятаць, што дымавыя і вентыляцыйныя каналы належыць перыядычна правяраць на іх стан і трываласць, падвяргаць прачыстцы.  Дымаходы сезонна працуючых газавых воданагравальнікаў і ацяпляльных апаратаў і катлоў незалежна ад іх канструкцыі трэба прачышчаць перад ацяпляльным сезонам. Дымавыя цагляныя каналы – не радзей аднаго раза ў квартал, вентыляцыйныя  і дымавыя каналы азбестацэментныя – не радзей аднаго разу на год. У зімні час не радзей аднаго разу за месяц, а таксама ў перыяд рэзкага паніжэння тэмпературы вонкавага паветра ўладальнікі павінны праводзіць агляд агалоўкаў дымавых каналаў,  каб папярэдзіць абмярзанне і закупоркі.

Праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў у жылых памяшканнях праводзяцца спецыялізаванымі арганізацыямі па папярэдніх заяўках уладальнікаў з афармленнем актаў устаноўленай формы.

Пры выяўленні выпадкаў адсутнасці актаў праверак, выкананых спецыялізаванай арганізацыяй, газазабеспячаючая арганізацыя ў мэтах папярэджання аварый можа адключыць  газавыкарыстальнае абсталяванне ад газаспажывання.

Дарэчы, пытанні бяспечнага стану і ўтрымання дымавых і вентыляцыйных каналаў было разгледжана  нядаўна на сходе старшынь жыллёвых кааператываў райцэнтра. У рабоце сходу, ініцыятарамі якога выступіў райаддзел па НС, прынялі ўдзел прадстаўнікі Івацэвіцкага раёна газазабеспячэння, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вытворчага ўчастка добраахвотнага пажарнага таварыства.

Памятайце, што выкананне ўсіх гэтых патрабаванняў гарантуе вам і вашым блізкім бяспеку.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий