Паклапаціцеся пра сваю бяспеку! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Паклапаціцеся пра сваю бяспеку!

7 февраля 2017 - Александра Джежора
article2940.jpg

 Жыллю грамадзян выратавальнікі заўсёды надаюць павышаную ўвагу. Найперш іх цікавіць проціпажарны стан дамоў вяскоўцаў і  асабліва ў зімовы перыяд,  бо бадай адзінай крыніцай цяпла ў дамах вяскоўцаў з'яў’яюцца звычайныя ацяпляльныя печы. А печ, як вядома, — крыніца павышанай пажаранебяспечнасці. Больш за іншых у поле зроку работнікаў Івацэвіцкага райаддела па НС, у прыватнасці, прадстаўнікоў інспекцыі нагляду і прафілактыкі, трапляюць дамы, дзе пражываюць адзінокія састарэлыя грамадзяне, інваліды, шматдзетныя сем’і, а таксама асобы, якія вядуць асацыяльны лад  жыцця: злоўжываюць спіртнымі напоямі і ў дабавак з’яўляюцца заядлымі курцамі.

Вось і інспектар ІНіП райаддзела Іван Краўчук наведаў шэраг дамоў  у аг. Гошчава Стайкаўскага сельсавета. Некаторым  гаспадарам былі ўручаны рэкамендацыі па неадкладнаму выпраўленню выяўленых парушэнняў правіл пажарнай бяспекі. У першую чаргу з яўнымі парушэннямі эксплуатуюцца печы. Пацвярджэнне таму не толькі складзеныя на падлозе перад тапліўнікам печы дровы, але і прыстаўленыя да напаленых печаў ушчыльную ложкі ды канапы. Гэта ж небяспечна. Іван Аляксандравіч  нагадаў гаспадарам  дамоў супрацьпажарныя патрабаванні да печаў, электраабсталявання. Дарэчы, наперадзе амаль цэлы зімовы месяц, ды і сакавік далёка не заўсёды радуе цеплынёй. З гэтага вынікае, што паслабляць увагу пры паленні печаў ці катлоў на цвёрдым паліве ніяк нельга.

 Нагадаем, што з пяці студзеньскіх пажараў чатыры разгарэліся ад печаў. Пры гэтым у двух выпадках гарэлі пасцельныя рэчы на ложках з-за таго, што апошнія былі ўшчыльную прыстаўлены да гарачых печаў. Па аналагічнай прычыне здарыўся і пажар у Кушнярах, дзе загінуў мужчына. Варта ведаць, што ўсе згаральныя рэчы, ў тым ліку мэблю патрэбна аддаліць ад печаў ні бліжэй за паўметра. Нельга перапальваць печы, паліць іх працяглы час. Лепш у моцныя маразы паліць у печах двойчы-тройчы на дзень па паўтары-дзве гадзіны, а не адзін раз працяглы час. Не спяшайцеся зачыняць заслонку дымавых трубаў, памятаючы аб  небяспецы чаду.  Ніколі не пакідайце печы, у якіх паліцца, з расчыненымі дзверкамі і без нагляду. Небяспечна распальваць дровы ў печы пры дапамозе лёгкаўзгаральных вадкасцяў. Не пакідайце малых дзяцей адных у пакоі, дзе паліцца ў печы.

Патрабаванні даволі простыя, але як сведчаць новыя факты пажараў, разгараюцца яны ад печаў не так ужо і рэдка. Віной усяму – лёгкадумства, а недзе і абыякавасць гаспадароў у адносінах да сябе асабіста, сваіх родных, сваёй маёмасці і жылля.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий