Паліў траву – гарэлі хаты — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Паліў траву – гарэлі хаты

18 марта 2015 - Administrator
article1580.jpg

Аб шкодзе веснавых палаў сказана і напісана многа, ад гарэння травы здараюцца вялікія пажары, гінуць людзі. У пацвярджэнне гэтаму – падзеі 17 сакавіка, якія разгарнуліся ў аддаленай і маланаселенай вёсачцы Гладышы. Сюды сабраўся перабрацца на пастаяннае месца жыхарства ў бацькоўскую хату з Мінску адзін з колішніх мясцовых жыхароў, 1957 г.н. Вось і ўзяўся наводзіць парадак на сваім парослым бадыллём агародзе з дапамогай агню. Літаральна ў імгненне вока полымя па траве і бадыллі, якімі зараслі пакінутыя вясковыя сядзібы, падганяемы ветрам захапіла вялікую тэрыторыю. Загараліся не толькі хлявы, але і хаты. На шчасце, пустуючыя, пацярпелі чатыры. На ліквідацыю гэтага пажару з’ехаліся выратавальнікі не толькі нашага раёна, але і суседніх.


Увогуле, гэты дзень выдаўся для выратавальнікаў даволі напружаным, насамрэч загарэлася трава на ўскрайку Быцені і полымя пайшло ў кірунку лесу. На дапамогу Быценскім выратавальнікам падаспелі і работнікі лясной гаспадаркі.

З бяспечнай чалавечай рукі сышоў агонь на поле паблізу Стаек. На тушэнне прымчалі выратавальнікі. Пакуль яны змагаліся з полымем, жыхары крайняга дома, якому і пагражала гарэнне травы, спакойна здымалі на планшэты ўсё, што адбывалася, замест таго, каб прыйсці на дапамогу.


Не перастаеш здзіўляцца абыякасці і падманнага самазаспакаення некаторых нашых землякоў. Іх не пужаюць ні штрафы, ні пажары. Можа, нарэшце надышоў час абраць іншыя, больш бяспечныя сродкі навядзення чысціні і парадку?

Валерый МОЛАШ, ст. інспектар прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Івацэвіцкага райаддзела па НС.

Комментарии (0)
Добавить комментарий