Пажар у Святой Волі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пажар у Святой Волі

article1802.jpg


4 ліпеня  апоўдні разбушаваўся пажар ў аграгарадку Святая Воля. Менавіта разбушаваўся, бо іншага вызначэння падабраць складана, настолькі ўнушальнымі аказаліся яго памеры.

 

А пачалося ўсё з на першы погляд бясшкодных гульняў двух хлопчыкаў.  Абодвум – па 6 гадоў, адзін- Васіль- жыве ў Святой Волі, а другі- Мацвей-  прыехаў да бабулі на адпачынак з Баранавічаў.

Спачатку хлапцы гулялі па чарзе то на падворку Васілёвых бацькоў, то на сядзібе бабулі Мацвея. Зноў настала чарга Васіля… Маці, якая гатавала абед,  не заўважыла знікнення запалак.

Хлопчыкі накіраваліся паўз гаспадарчых пабудоў і прыхапілі з сабой саломы. Салому падпалілі і агонь імгененна, набраўшы моцы, рушыў падганяемы ветрам па высахшай з-за моцнай спякоты траве. Малыя спрабавалі было патушыць агонь, ды дзе там. Перапалоханыя, нікому не кажучы пра гарэнне, яны пабеглі ў двор бабулі Мацвея. Гарэнне травы і саломы першым выявіў сусед Васілёвых бацькоў. Ён і забіў трывогу, выклікаўшы пажарных.

 

Пажар на раўне з выратавальнікамі тушылі і мясцовыя жыхары. Падключыўся да пажарных аўтацыстэрн трактар з бочкай з вадой, помпай і пажарным рукавом мясцовага СВК “Святая Воля”.  Гэтай тэхнікай авалодалі пяць маладых хлапцоў з ліку мясцовых жыхароў. За дапамогу ім удзячны і выратавальнікі, і пацярпелыя ад пажару разам з суседзямі. Пажар патушылі. Аднак з-за спякоты і ветру агонь паспеў нанесці значны ўрон. Так, гаспадарка бацькоў Васіля пазбавілася драўлянага хлява, лазні, павеці для дроў і яшчэ двух пабудоў. Столькі ж пабудоў гаспадарчага прызначэння розных памераў амаль цалкам знішчыў агонь на суседняй нежылой сядзібе, якая, дарэчы, мае спадчынікаў. А гэта значыць, што хутчэй за ўсё страты ад пажару бацькам дзяцей-падпальшчыкаў прыйдзецца кампенсаваць. Па сухой траве агонь дабраўся і на трэцюю сядзібу, дзе абгарэлі тры пладовыя дрэвы.

 

Вось з такім размахам пагулялі два маленькія хлопчыкі.

Якія высновы з гэтага здарэння?  Найперш, дзяцей нельга пакідаць без нагляду. Па-другое, запалкі трэба хаваць падалей ад дзіцячых рук і вачэй. І, нарэшце, паважаныя дарослыя,  дзяцей трэба вучыць правільнаму, асцярожнаму абыходжанню з агнем.

Валерый  Молаш,  старшы інспектар групы  прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Івацэвіцкага райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий