Пажараў стала менш... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пажараў стала менш...

3 октября 2016 - Александра Джежора
article2720.jpg

 За дзевяць месяцаў бягучага года ў населеных пунктах нашага раёна зарэгістравана 37 пажараў. За аналагічны перыяд мінулага года адбылося 43 вогненныя здарэнні. Пажараў сапраўды стала меней, а вось загінулі пры пажарах ужо тры чалавекі, пры гэтым летась было зарэгістравана дзве ахвяры пажараў. Сёлета пажары з трагічным зыходам мелі месца ў вёсках Скураты, Дубітава і Міхнавічы. Усе загінуўшыя сталі ахвярамі ўласнай бяспечнасці падчас курэння.

Матэрыяльныя страты ад пажараў склалі 126 248 (дэнамініраваных) рублёў. Зрэшты, толькі пажар у ААТ “Новыя Стайкі”, дзе згарэлі дзве сцірты мінулагодняй саломы “пацягнуў” на ўнушальную суму. Усяго ж у выніку пажараў пацярпелі 29 пабудоў рознага прызначэння. 35 пажараў адбылося ў прыватным жылым сектары грамадзян.

У выніку неасцярожнага абыходжання з агнём зарэгістравана 18 пажараў. Менавіта гэтая прычына на працягу шэрагу гадоў застаецца самай распаўсёджанай. Печы сталі віной 8-мі пажараў, пры гэтым толькі ў адным выпадку печ была няспраўнай. Самай звыклай з’явай для ўладальнікаў печаў стала іх паленне з расчыненымі дзверкамі і пакінутая распаленая печ без нагляду, а таксама моцны перапал печаў. Сёлета неяк часцей, чым у мінулым годзе з-за печаў гарэлі лазні. Дарэчы,  пажар, што здарыўся  1 кастрычніка, адбыўся ў прыватнай лазні на адным з падворкаў у Целяханах.

На пачатку ацяпляльнага перыяду хочацца нагадаць аб строгім выкананні патрабаванняў супрацьпажарных правілаў пры паленні печаў. Ніколі не пакідайце печ, у якой паліцца, без нагляду і не пакідайце каля распаленай печы ў пакоі малых дзяцей адных. Не паліце ў печах з распаленымі дзеркамі, не распальвайце дровы лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі і не скарыстоўвайце дровы, даўжэйшыя за тапліўнік. Не дапускайце перапалаў печаў у моцныя марозы, лепей паліце двойчы-тройчы на дзень, чым адзін раз працяглы час. Не спяшайцеся зачыняць заслонку дымавой трубы: пераканайцеся, што ўсё паліва (дровы і асабліва торфабрыкет) канчаткова згарэла.

Электраабсталяванне выклікала з пачатку года 5 пажараў. Найчасцей гэта заключаецца ў кароткім замыканні электраправодкі. Разам з тым заставайцеся абачлівымі, карыстаючыся электрабытавымі прыборамі, у прыватнасці награвальнымі. Ніколі не эксплуатуйце няспраўныя альбо самаробныя электрапрыборы.

У бягучым годзе зарэгістравана два наўмысныя падпалы.

Як і летась, віноўнікамі двух пажараў аказаліся дзеці.  Розніца толькі ў тым, што ў мінулым годзе сваволілі з агнём дашкольнікі. Сёлета ж “чырвонага пеўня” выпусцілі на волю дзеці, якія ходзяць у школы. Паважаныя бацькі і ўсе дарослыя: ніколі не пакідайце малых дзяцей адных без нагляду. Вучыце іх асцярожнасці і абачлівасці змалку і галоўнае – уласным прыкладам.

Засцеражыцеся ад агню. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Валерый МОЛАШ, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий