Першая ахвяра пажару — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Першая ахвяра пажару

3 января 2017 - Александра Джежора
article2879.jpg

 Першыя навагоднія дні адзначыліся ў раёне трагічнай падзеяй. Ранкам, 2 студзеня,  у выніку ўзгарання ў жылым доме ў в. Кушняры загінуў мужчына, 1959 г.н. Сам ён жыў у райцэнтры, але паколькі маці, пражываючая ў гэтым доме, на святы з’ехала да дачкі, то мужчына  застаўся прыглядзець за домам, прапаліць у печах. Па папярэдніх даных менавіта печ і стала прычынай гібелі чалавека. А дакладней – яе перапал:   ушчыльную да печы быў прыстаўлены ложак, на якім і загарэліся пасцельныя рэчы. Цела гаспадара на падлозе задымленага пакоя без усялякіх прыкмет жыцця першым знайшоў сын гаспадара.

Па прагнозах  сіноптыкаў у бліжэйшыя дні  нас чакаюць моцныя  маразы. Таму выратавальнікі яшчэ раз нагадваюць аб неабходнасці строга выконваць правілы бяспекі пры паленні ў печах. Увогуле на працягу ўсяго ацяпляльнага сезона сачыце за спраўнасцю  пячэй. Ніколі не распальвайце  паліва ў печах пры дапамозе лёгкаўзгаральных вадкасцяў. Дастаткова прыгадаць трагічны выпадак, які адбыўся летась у агр. Падстарынь. Не складвайце попел у згаральную тару (мяшкі, скрынні), нават калі вы плануеце ўвесну скарыстаць яго ў якасці ўгнаення на сваім агародзе. Памятайце, што там можа застацца гарачае вуголле. Ды і наогул не збірайце попел у нейкіх пабудовах: хлявах, кладоўках. Гарачае вуголле не скарыстоўвайце для абагрэву склепаў і хлявоў: гэта небяспечна, паколькі можа прывесці і да пажару, і да атручэння чадам. Попел і гаручае вуголле высыпайце падалей ад пабудоў (не бліжэй за 15 м.), заліце вадой альбо закідайце снегам.

Не паліце ў печах з расчыненымі дзверкамі. Ведайце, што выпадзенне вуголля ў дадзенай сітуацыі даволі часта прыводзіць да пажару. Як, дарэчы, і пакінутая без нагляду печ, у якой паліцца. Не меньш небяспечна пакідаць малых дзяцей адных у пакоі, дзе паліцца ў печы.

І гаспадары печаў, і гаспадары ацяпляльных катлоў на цвёрдым паліве павінны памятаць аб небяспецы чаднага газу. Таму першыя не павінны спяшыць зачыняць заслонкі дымавых трубаў, а другія – сачыць за спраўнасцю ўсіх вузлоў і агрэгатаў ацяпляльных катлоў і сістэмы вентыляцыі.

Прыслухайцеся да парад спецыялістаў. Жывіце бяспечна!

Івацэвіцкі райаддзел па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий