Першая перамога... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Першая перамога...

22 февраля 2017 - Александра Джежора
article2974.jpg

 Праведзены чарговы адборачны тур конкурсу юных знаўцаў пажарнай справы сярод вучняў пачатковых класаў сярэдніх школ раёна. На гэты раз спаборніцтва разгарнулася паміж камандамі “Каланча” ДУА “Аброўская СШ”, “Агеньчык” ДУА “Амяльнянская СШ”, “ЮВП” ДУА “Вялікагацкая СШ” і Агеньчык” ДУА “В.-Аброўская СШ”. Пляцоўкай для конкурсу была актавая зала Вялікагацкай школы. Склад усіх каманд – вучні чацвёртых класаў.

Згодна з палажэннем, конкурс складаецца з сямі заданняў: творчых (прывітанне і рэклама) і павучальных (медыцынскі, камплектаванне пажарнага шчыта, вызначэнне рэакцый дзесяці  рэчываў і матэрыялаў, якія праяўляюцца пры гарэнні). Былі яшчэ конкурс капітанаў  і конкурс “Зразумей мяне”.

Па выніках тура   каманда “Каланча” у складзе вучняў чацвёртага класа Аброўскай СШ Мікіты Лучыца (капітан каманды), Паліны Грэчнай, Арцёма Тысевіча, Антона Цымбаліста, Грэчнага Рамана і Чахоўскай Алёны набраўшы 22,5 балы заняла ганаровае першае месца. Дарэчы, упершыню за 23 гады існавання конкурсу, бо традыцыйна тут перамагалі амяльнянскія ці вялікагацкія школьнікі.

Другое месца  журы аднагалосна прысудзіла камандзе “ЮВП” ДУА “Вялікагацкая СШ”, трэцюю прыступку  п’едыстала заняла каманда “Агеньчык” ДУА “В.- Аброўская СШ”.

Усе каманды-пераможцы па выніках спаборніцтва ўзнагароджаны Граматамі і падарункамі ад арганізатараў конкурсу – раённага  аддзела па надзвычайных сітуацыях і  адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Удзельнікі каманды, якая не ўвайшла ў тройку лідэраў, атрымалі салодкія прызы.

На перадзе яшчэ тры адборачныя туры, а фінальная проціпажарная дзіцячая гульня – раённы конкурс юных знаўцаў пажарнай справы пройдзе ў маі.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий