Першы пажар па прычыне дзіцячага свавольства з агнём — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Першы пажар па прычыне дзіцячага свавольства з агнём

article3209.jpg

 1 чэрвеня адзначыўся ў раёне першым пажарам у сёлетнім годзе па прычыне дзіцячага свавольства з агнём. А здарыўся пажар амаль апоўдні на адным з падворкаў у в. Коланск. Тут загарэўся драўляны гаспадарчы хлеў.На шчасце, дзякуючы хуткаму яго выяўленню суседзямі і гэткай жа хуткай рэакцыяй на здарэнне выратавальнікаў агонь не паспеў набраць моцы.

Віноўнік гэтага вогненага здарэння – 12-гадовы Павел, сын гаспадыні. Падлетак прыехаў да маці на час канікулаў ад бацькі, які жыве асобна на Міншчыне. Тут, у хляве, хлопчык, мяркуючы па яго словах, падпаліў рэшткі старых саломы і сена запалкамі, якія ўзяў у хаце. Калі агонь пачаў разгарацца, ён затаптаў яго нагамі і пайшоў у хату. Аднак, хутчэй за ўсё, вецер праз расчыненыя дзверы хлява раздзьмухаў тлеючую салому і агонь запалаў зноў. Па дыме, што паваліў з хлява, гарэнне заўважыла суседка. Яна і паведаміла гаспадарам. Дарэчы, маці хлопчыка ў гэты час была дома.

І хоць агонь не паспеў нанесці значных мэтэрыяльных страт, усё ж варта нагадаць бацькам, што і малых дзяцей, і дзяцей падлеткавага ўзросту нельга пакідаць без нагляду. Зрэшты, 12-гадовы хлопец павінен быў ведаць, да чаго могуць прывесці гульні з агнём.

Паважаныя дарослыя! Летнія канікулы толькі распачаліся, а таму яшчэ і яшчэ раз напомніце сваім дзецям аб небяспецы агню. Забараніце таксама ім чапаць незнаёмыя прадметы, самастойна, без загадзя атрыманага дазволу хадзіць да вадаёмаў, у лес. Засцеражыце сваіх дзяцей ад розных надзвычайных здарэнняў.

Нагадаю, што на працягу ўсяго лета выратавальнікі праводзяць прафілактычную рэспубліканскую акцыю “Канікулы без дыму і агню!”

Валерый Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 


Комментарии (0)
Добавить комментарий