Попел стаў прычынай пажару — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Попел стаў прычынай пажару

7 декабря 2015 - Administrator
article2105.jpg

 29 лістапада адбыўся пажар на падворку жыхаркі в. Глінная, пенсіянеркі, 1935 г.н. Жанчына жыве адна, дапамагае ёй сацыяльны работнік, час ад часу наведваецца сын. У выніку пажару агонь моцна пашкодзіў цагляны гаспадарчы хлеў: згарэў яго дах і ўсё тое, што ў хляве было. Пажарам знішчаны і дашчаны навес, што прымыкаў да хлява. Прычына здарэння банальная: гаспадыня збірала попел, ссыпаючы яго ў кучу проста ў куце хлява, каб увесну скарыстаць яго ў якасці ўгнаення на агародзе. Тут жа, у хляве, – старыя дошкі, рэшткі сена і саломы. Тлеючага вугольчыка аказалася дастаткова, каб успыхнуў пажар.

Такія здарэнні паўтараюцца з году ў год. Нярэдка ў ацяпляльны перыяд грамадзяне пажылога ўзросту, сабраўшы попел з печаў, збіраюць яго то ў мяшкі, то драўляныя скрыні і бочкі. З-за нястачы пільнасці і ўважлівасці ў попеле застаецца гаручае вуголле, якое і аказваецца крыніцай пажару. Бяду можна лёгка папярэдзіць, калі дзеці і ўнукі напомняць сваім састарэлым бацькам, што так рабіць нельга. Лепей адразу высыпаць попел на агарод. Калі там заўважылі гаручае вуголле, то варта заліць яго вадой, засыпаць пяском, закідаць снегам. І, вядома, падалей ад драўляных пабудоў і стажкоў як уласных, так і суседскіх.
На жаль, аналагічныя парушэнні часам маюць месца і на аб’ектах народнай гаспадаркі. Так, ужо ранкам 30 лістапада выратавальнікі імчалі па трывожным выкліку ў аг. Даманава, адкуль паступіла паведамленне аб пажары ў магазіне, каля будынка чыгуначнай станцыі. На шчасце, пажару не адбылося, а вось качагару трэба быць больш пільным падчас работы з ацяпляльным катлом і пастаянна сачыць 
за ўсімі паказаннямі яго прыбораў. Будынак магазіна знаходзіцца ў арэндзе філіялам “Прыгарадны” Івацэвіцкага райста, а качагар, як высветлілася, да пачатку работы не прайшоў навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму (ПТМ), што пярэчыць патрабаванням Правіл пажарнай бяспекі. Выклікае нараканне і тое, што тут жа, у памяшканні кацельні, складваюцца кардонныя скрынкі, а попел высыпаецца ў пластмасавыя скрыні…
Ацяпляльны сезон толькі распачаўся. Дык давайце пачнем і завяршым яго бяспечна.
Валерый МОЛАШ, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадкасцю райаддзела па НС.
Комментарии (0)
Добавить комментарий