Правілы паводзінаў пры навальніцы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Правілы паводзінаў пры навальніцы

article3946.jpg

 Навальніца  па-ранейшаму застаецца  сур’ёзнай крыніцай небяспекі. Гэтая стыхія, як правіла, суправаджаецца моцным ліўнем, часам нават градам, шквалістым узмацненнем ветра, часам разбуральнай сілы, асляпляючымі ўспышкамі маланкі і гучным раскатам грома. Дарэчы, часта пужаюцца менавіта рэзкага гука, хоць на самай справе пагрозу ўяўляе менавіта маланка, якая з’яўляецца асноўным паражаючым фактарам. Прамое пападанне разраду маланкі для чалавека можа скончыцца смерцю з-за парушэння дзейнасці сэрца і лёгкіх. Штогод ад удару маланкі ў свеце гіне да 3-х тысяч чалавек. Неаднойчы сустрэча з маланкай заканчвалася трагічна  і для жыхароў нашага раёна.

Акрамя гэтага маланка можа прывесці да ўзгарання любой пабудовы. Пры гэтым важна ведаць, што абараніць  той жа жылы дом ад удару маланкі можа і павінен спраўны маланкаадвод. Гэта каштуе грошай, але ж бяспека свайго жылля куды даражэй. Дарэчы, ужо ў сёлетнім маі з-за маланкі толькі за адзін дзень  разгарэліся два пажары ў Іванаўскім і адзін у Бярозаўскім раёнах. Да таго ж хочацца ў чарговы раз звярнуць увагу кіраўнікоў сельскагаспадарчых аб’ектаў: вось і настаў навальнічны перыяд, а ў шэрагу гаспадарак раёна маланкаахова на будынках жывёлаводчых фермаў, сенаскладоў, збожжаперапрацоўчых косплексаў і,  нават,  на тэрыторыях складоў ГЗМ па-ранейшаму застаецца няспраўнай.

Каб не стаць  ахвярай маланкі, трэба добра ўсвоіць шэраг патрабаванняў бяспечных паводзін. Дома ў першую чаргу адключыце ўсе электрапрыборы і выцягніце з тэлевізара штэкер антэны, калі яна ўзвышаецца над дахам вашага дома. Ліквідуйце скразнякі: зачыніце шчыльна вокны і форткі, заслонкі дымаходоў. Увогуле недапушчальна ў навальніцу паліць у печах ці камінах: сам па сабе дым надзвычай электраправодны. Да таго ж дымавая труба ўзвышаецца над каньком даху і гэтым скарачае адлегласць ад будынка да маланкі, бо маланка б’е ў самыя высокія прадметы. Не карыстайцеся тэлефонамі: ні праваднымі, ні мабільнымі. Вельмі небяспечная і канчаткова не вывучана (хоць і надзвычай прыгожая) такая небяспечная з’ява, як шаравая маланка. Асцерагайцеся сустрэчы з ёю. А калі такое і здарылася, то замрыце на месцы, не размахвайце рукамі і не спрабуйце пабегчы. Калі на даху няма маланкааховы, затое ёсць вадаправод, то краны лепей не чапаць і вадой не карыстацца. Сядзець у пакоі лепей падалей ад вокнаў, электраразетак і не дакранацца да трубаў і батарэй цэнтральнага ацяплення, зноў жа калі яно ёсць, а маланкаадвода на даху няма. Пры гэтым трэба ведаць, што гараджанне куды болей абаронены ў навальніцу, чым вяскоўцы, бо ў горадзе спраўная маланкаахова ёсць амаль усёды. У навальніцу небяспечна знаходзіцца на даху і нават на гарышчы.

Калі маланка спасцігла вас на вуліцы, то тэрмінова схавайцеся ў любым памяшканні, зайдзіце ў магазін. Вось толькі аўтобусны прыпынак не з’яўляецца бяспечным месцам для сховішча. Калі вырашылі схавацца пад казырком якога будынка, то не дакранайцеся да сцяны, не стойце каля высокіх дрэў, слупоў, рэкламных шчытоў і не карыстайцеся мабільнікам. Знаходзячыся на адкрытай мясцовасці (полі ці лузе) не стойце на ўзвышшы, каля слупоў-апор ліній электраперадач, пад правадамі. Хутчэй прысядзьце  ў якой-небудзь нізіне ў “позе эмбрыёна”, адключыце мабільны тэлефон, прыкрыйцеся. Усялякія металічныя прадметы кшталту сельгасінвентару адкіньце ад сябе падалей і не паднімайце над галавой граблі, вілы, касу ці рыбалоўную вуду. Часам нават парасон можа сыграць дрэнную ролю ўкрыцця. Здыміце металічныя ўпрыгожанні (завушніцы, пярсцёнкі, ланцужкі, бранзалеты з гадзіннікамі) і пакладзіце ўсё гэта ў кішэню. У навальніцу нельга бегаць, хадзіць басанож, а таксама хавацца ў стажках, пад высокімі, асобна растучымі дрэвамі.

Калі ў навальніцу вы ў лесе, то трымайцеся падалей ад высокіх дрэў, не сядзіце каля кастра, бо слуп гарачага дыму – добры праваднік электрычнасці. Ведайце, што часцей маланка б’е ў дубы, таполі, сосны, а куды радзей – у бярозы, ліпы і клёны. Зрэшты, значна лягчэй пералічыць тыя дрэвы, куды маланка трапляе радзей, бо тых, у якія б’е часта, значна болей. Хавайцеся пад нізкімі дрэвамі з густой кронай (падыдзе і малая ялінка ці сасна), пад кустамі. Памятайце, што амаль ніколі маланка не трапляе ў арэшнік. Прысядзьце ў знаёмай “позе эмбрыёна”, выключыце мабільны тэлефон. Акрамя таго, выбіраючы сховішча, звярніце ўвагу ці няма паблізу абгарэлых, расчэпленых ствалоў дрэў, пацярпелых ад маланкі. Гэта небяспечна і сведчыць аб тым, што глеба тут мае высокую электраправоднасць, а ўдар маланкі сюды яшчэ і яшчэ раз даволі верагодны. Небяспечна знаходзіцца ў навальніцу ў палатцы, бо яе зборны каркас мае металічныя дэталі.

Калі вы ехалі ў машыне, то спыніцеся (як правіла навальніца суправаджаецца моцным ліўнем, што значна ўскладняе сітуацыю на дарогах), зачыніце вокны, апусціце антэну, заглушыце рухавік і перачакайце ў салоне аўто. Не чапайце металічныя прадметы і тэлефон. Аўтамабіль, калі ён устаноўлены ў небяспечным месцы, можна лічыць ледзь ці не надзейным сховішчам у навальніцу. Затое калі ехалі на матацыкле, веласіпедзе ці скутары, то неадкладна спыніцеся, адыдзіце ад іх і знайдзіце надзейнае ўкрыцце.

Калі навальніца спасцігла вас пры купанні ў рэчцы ці возеры, то тэрмінова выйдзіце з вады, адыдзіце падалей ад вады і схавайцеся. Калі вы ў лодцы, то хутчэй да берагу. Рыбалку ў навальніцу лепш спыніць, бо ўсе рыбалоўныя прылады – добрыя праваднікі электрычнасці.

Калі побач з вамі аказаўся чалавек, у якога патрапіла маланка, не бойцеся дакранацца да яго – электрычнага зараду ў целе пацярпелага не застаецца.

Навальніца – з’ява непрадказальная і даволі небяспечная, аднак граматныя дзеянні ў час яе з’яўлення дапамогуць пазбегнуць непрыемных паследкаў.

  Першая дапамога пацярпеламу ад маланкі:

1. Хутчэй вызначце стан пацярпелага;

2. Неадкладна правядзіце рэанімацыйныя мерапрыемствы: штучнае дыханне, непрамы масаж сэрца;

 3. Сагрэйце пацярпелага, апрацуйце месцы апёкаў і магчымыя раны;

 4. Дайце абязбольваючае;

 5. Выклічце  “хуткую медыцынскую дапамогу” альбо тэрмінова дастаўце пацярпелага ў бальніцу.

 Валерый  Молаш, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий