Рэйд на Целяханшчыну — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Рэйд на Целяханшчыну

article2585.jpg

 Сёлетні ўраджай збожжавых вырашчаны хлебаробамі з вялікімі цяжкасцямі. Іх зладжанай, самаадданай працы на зямлі ўсяляк супрацьстаяла прырода: то моцныя вятры, то замаразкі, то засуха. А менавіта таму зараз даволі важна ўбраць без страт усё вырашчанае, як след перапрацаваць зерне і захаваць яго. Дажджы час ад часу перапыняюць работу камбайнаў і таму механізатары імкнуцца скарыстаць кожную сонечную гадзіну, каб хутчэй і без страт завяршыць уборачную кампанію. У спешцы, пагоні за намалочанымі тонамі і ўбранымі гектарамі даволі проста страціць пільнасць. І тады могуць утварыцца даволі небяспечныя абставіны.

Каб у час уборкі меры супрацьпажарнай перасцярогі захоўваліся пастаянна, неадрыўна сочаць за ўборачным працэсам прадстаўнікі службы МНС. Такім чынам, работнікі Івацэвіцкага райаддзела па НС перыядычна наведваюць сельгаспрадпрыемствы раёна. А нядаўна намеснік начальніка райаддзела па НС  Віталій Дыдышка, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела Валерый Молаш  разам з галоўным інжынерам-інспектарам па ахове працы  упраўлення райсельгасхарчу Сяргеем Собка пабывалі ў шэрагу гаспадарак Целяханшчыны: СВК “Целяханы-агра”, СВК “Мічурынск”, ААТ “Горталь”, СВК “Святая Воля”, ААТ “Аброўскі”. У ходзе рэйду былі агледжаны не толькі тэхніка і зернесушыльныя комплексы, ацэнена іх зябеспячэнне пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, але і веды задзейнічаных на ўборцы работнікаў, навучанне іх па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму.

Першым на шляху нашай рэйдавай групы было ААТ “Аброўскі”. Каля камбайнаў у полі дзяжурыць трактар з ёмістасцю для вады і мотапомпай. Аднак на патрабаванне падаць ваду механізатар доўгі час  не можа запусціць мотапомпу. Пазней стала вядома, што трактарыст гэты першы дзень знаходзіцца на дзяжурстве каля камбайнаў і таму проста не ведае, як яе завесці. Тым не меней, гэта не можа служыць апраўданнем, бо стварае даволі небяспечную сітуацыю. Да таго ж, прыстасаваная для мэт магчымага пажаратушэння тэхніка павінна знаходзіцца паблізу працуючых камбайнаў, а не стаяць на ўскрайку дарогі на адлегласці ў некалькі кіламетраў, пры гэтым трактарыст можа тут проста заснуць. Гэтыя дробныя звенні недахопаў і ствараюць выразны ланцужок грубейшых парушэнняў. На тэрыторыі збожжасушыльнага комплексу ёсць пажарны шчыт, але на ім акрамя парашковага вогнетушыцеля нічога няма. Тут жа і ёмістасць з пяском, але рыдлёўкі каля ее таксама няма. Маецца тут шэраг парушэннях у вобласці электразабеспячэння: у памяшканнях электралямпачкі эксплуатуюцца без шкляных плафонаў, злучэнні правадоў выкананы скруткай, электраразмеркавальныя каробкі без накрывак і тут добра праглядаецца парушаная ізаляцыя злучаных правадоў. Аператар збожжасушыльнага комплексу не змог правільна назваць дзеянні па прымяненні вогнетушыцеля.

Зусім іншая карціна паўстала вачам на полі паблізу в. Вялікая Гаць, дзе працавалі камбайны СВК “Святая Воля”. Прйшоўшы дождж прыпыніў іх работу і таму выпала магчымасць сабраць вадзіцеляў і камбайнераў. Усе камбайны забяспечаны неабходным наборам сродкаў пярвічнага пажаратушэння, а ўсе апытаныя механізатары маюць добрыя навыкі наконт дзеянняў на выпадак узгарання. Усе яны напярэдадні уборкі прайшлі навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму і прадэманстраваныя веды даюць падставу ўпэўніцца ў высокай якасці праведзенага навучання.

У аператарскай збожжасушыльнага комплексу СВК “Мічурынск” маецца парашковы вогнетушыцель, але доступ да яго загрувашчаны. На тэрыторыі размешчаны некалькі новенькіх пажарных шчытоў , пафарбаваных у ярка-чырвоны колер. Тут усталяваны вёдры, рыдлёўкі, ламы і вогнетушыцелі. Работнікі комплексу крыху блытаюцца пры вызначэнні чарговасці дзеянняў,  каб скарыстаць вогнетушыцель.

Не вельмі прыемна ўразілі нас і веды дзеянняў на выпадак узгарання аператараў збожжасушыльных комплексаў у ААТ “Горталь” і СВК “Целяханы-агра”. Не пашкодзіла б правесці з імі дадатковыя інструктажы, бо, як бачна,  праведзеныя з мі заняткі па пажарна-тэхнічнаму мінімуму асаблівых навыкаў навучаемым не далі.

Зрэшты, значная большасць механізатараў-камбайнераў і аператараў збожжасушыльных комплесаў адказна ставяцца да даручанай справы, валодаюць пэўнымі навыкамі наконт і сваіх дзеянняў падчас магчымага пажару, і паслядоўнасці дзеянняў пры надзвычайным здарэнні наогул.

Рэйдавая група. 

Комментарии (0)
Добавить комментарий