Рэйд выратавальнікаў... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Рэйд выратавальнікаў...

article3255.jpg

 Па-ранейшаму адным са злабадзённых пытанняў застаецца захаванасць умоў пажарабяспечнасці сельгасработ, напрамую звязаных з корманарыхтоўкай. Як сведчаць вынікі праведзеных прадстаўнікамі інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па НС маніторынгаў сельгаспрадпрыемстваў раёна, далёка не ўсюды зроблена ўсё неабходнае, каб у перыяд нарыхтоўкі грубых кармоў удалося пазбегнуць розных непрадбачаных сітуацый.

Найперш заўважым, што найбольшую небяспеку для назапашанага сена і саміх сенасховішчаў уяўляе агонь. Як, дарэчы, і для тэхнікі, занятай на нарыхтоўцы кармоў.

У пошуках адказаў на пастаўленыя раней пытанні адносна выканання патрабаванняў правіл пажарнай бяспекі ў перыяд корманарыхтовак мы наведалі шэраг гаспадарак Быценшчыны. І хоць знешне справы выглядаюць больш-менш прымаема, аднак маецца і шэраг недахопаў.

Так, тэрыторыя сенасклада ААТ “Пагор’е” неабкошана, ніякіх перашкод як для знаходжання на яго тэрыторыі, так і для пранікнення ўнутр пабудовы. А ўнутры, дарэчы, яшчэ нямала мінулагодняга сена. Побач усталявана ёмістасць для вады, аднак яе змесціва назваць вадой складана. Да таго ж, тут няма ніякіх прыстасаванняў, кшталту вядра, чым бы можна было браць ваду.

Яшчэ нямала леташняга сена і ў жалеза-бетонным сенасховішчы на тэрыторыі фермы “Козіна” ЗТАА “БелАгракультура” . Аднак тут сапраўды, што называецца: не згарыць, то згніе, бо дах будынка нават рэшатам назваць складана, а таму ўсе рулоны, якія месцяцца пад гэтым “дзіркаватым” дахам пагнілі. Тэрыторыя сенасклада абкошана, тут жа і карыта для вады. Але зноў жа зачарпнуць  вады няма чым. І тут на ферме мы нікога не пабачылі, між іншым і падыход да сенаскладу і ўнутр яго свабодны.

Сенасховішча на Быценскай ферме той жа гаспадаркі таксама запоўнена рулонамі сена леташняга ўкосу, яны літаральна вывальваюцца з будыніны, бо нічога, што б нагадвала вароты, тут няма.  Тэрыторыя навокал абкошана. Ёсць ёмістасці з вадой, але як і ў папярэдніх выпадках, бегчы сюдэ трэба з уласнымі вёдрамі ў выпадку пажару. Тут жа месцяцца і два парашковыя вогнетушыцелі. Яны стаяць проста так, на зямлі па кутках звонкавага боку сенасховішча. Тэрмін іх праверкі і перазарадкі скончыўся яшчэ 6 чэрвеня. Каля вогнетушыцеляў замацаваны і адпаведныя знакі пажарнай бяспекі, хоць і пакамечаныя. У некаторых месцах дашчаныя шчыты, якія разам утвараюць сцяну, выламаныя ад вагі рулонаў.

Наступным аб’ектам нашай увагі былі сенажаці СВУ “Даманава”. Тут працуе шмат тэхнікі: і трактары з прычэпамі, і грузавікі-самазвалы, і самаходныя касілкі-здрабняльнікі, і трактар з граблямі. Тут вядзецца падбор, здрабленне, пагрузка і адвоз зялёнай масы для закладкі на сянаж. Разам з інжынерам па ахове працы гаспадаркі агледзелі тэхніку. Уся тэхніка аснашчана спраўнымі парашковымі вогнетушыцелямі, якія ў большасці выпадкаў зручна замацаваны ў лёгка дасцупных месцах. Усе апытаныя вадзіцелі і механізатары маюць пэныя навыкі наконт скарыстання вогнетушыцеля і ўвогуле ведаюць агульныя дзеянні пры магчымым пажары. Нарыхтоўку сена гаспадарка пакуль не вядзе.

Пажадана, каб  адказныя за кормавытворчасць работнікі гаспадарак больш адказна ставіліся да сваіх абавязкаў. Варта прыняць адпаведныя меры, каб пранікненне пабочных асобаў, у тым ліку дзяцей, на тэрыторыі сенасховішчаў было немагчымым.  Неабходна, дзе патрэбна, у найкарацейшы тэрмін адрамантаваць маланкаахову, абкасіць будынкі сенасховішчаў, прыбраць скошаную расліннасць. Усталяваныя тут пярвічныя сродкі пажаратушэння павінны воконваць свае прызначэнні, а не толькі дзеля галачкі тут стаяць.

Памятайце, што агонь не даруе лёгкадумства і бяспечнасці, а вось руплівага, дбайнага і адказнага гаспадара ён насупраць абыдзе.

Іван Краўчук, інспектар ІНіП райаддзела па НС.

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддела па НС.

 


Комментарии (0)
Добавить комментарий