Рыхтуемся да новага ацяпляльнага перыяду — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Рыхтуемся да новага ацяпляльнага перыяду

article3248.jpg

Увасабленне вядомай прымаўкі наконт своечасовай падрыхтоўкі саней і воза даволі актуальна, калі гаворка тычыцца падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду. Тут вельмі важна не прамарудзіць і яшчэ загадзя, задоўга да часу неабходнасці паліць у печы, яе  адрамантаваць. Час прыспешвае, аднак пэўная частка домаўладальнікаў, якія ўзімку грэюцца, топячы печы, зусім не зважаюць на неабходнасць правядзення рамонтных работ.

Таму выратавальнікі   праводзяць  рэйды-маніторынгі на прадмет супрацьпажарнага стану жылля. Такім чынам, інспектар ІНіП Івацэвіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях  Іван Краўчук наведаў шэраг дамоў у аграгарадках Даманава і Быцень з мэтай кантролю выканання вяскоўцамі патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі пры падрыхтоўцы да зімы. Найперш у полі зроку інспектара аказваліся тыя вясковыя дамы, дзе жывуць адзінокія састарэлыя грамадзяне, інваліды, шматдзетныя сем’і. Вось жыхарка Быцені, адзінокая пенсіянерка Раіса Падсадная сама пряўляе заклапочанасць аб стане сваёй ацяпляльнай печы, бо заўважыла, што зверху ў тапліўніку крышыцца і выпадае кавалкамі цэгла. А значыць цэглу неабходна замяніць. У дабавак варта аднавіць тынкоўку дымахода на гарышчы, а разам і пабяліць яго. Сама ж гаспадыня спраўляецца самастойна амаль з усімі хатнімі справамі, зрэдку клічучы на падмогу аднавяскоўцаў. У хаце чыста, акуратна, ёсць пажарны апавяшчальнік. Як кажа жанчына, суседзі яе гэтакія ж нямоглыя бабулькі, якія самі патрабуюць дапамогі.

Прыемна адзначаць, што такіх дбайных вяскоўцаў усё ж большасць. Аднак трапляюць і такія дамы, дзе гаспадары зусім не зважаюць увагі  на бяспечны стан печаў, электраправодкі, электрапрыбораў, якімі штодня карыстаюцца. Тут часам аднымі заўвагамі ды ўшчуваннямі не абыдзешся, калі чалавек ніяк не задумваецца аб уласнай бяспецы, аб бяспецы сваёй сям’і, свайго жылля. Праблему дапамагаюць вырашыць непапулярныя прымусовыя меры, калі складваюцца пратаколы аб адміністрацыйным пакаранні і толькі тыды нядбайныя гора-гаспадары пачынаюць варушыцца.

 Гаспадары ўсіх наведаных інспектарам нагляду і прафілактыкі дамоў атрымалі тэматычныя буклеты, памяткі, лістоўкі. Магчыма, нехта разглядваючы гэтыя прапагандыстскія дапаможнікі задумаецца аб цане жыцця.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий