Сена важна не толькі нарыхтаваць, а і захаваць — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Сена важна не толькі нарыхтаваць, а і захаваць

article1763.jpg


Гаспадаркі раёна прыступілі да масавай нарыхтоўкі кармоў. Менавіта нарыхтоўцы сена апошнім часам спрыяе сухое, сонечнае надвор’е. Але менавіта нарыхтоўка сена найбольш непакоіць выратавальнікаў, бо штогод статыстыка папаўняецца новымі звесткамі аб пажарах падчас нарыхтоўкі сена ці ўжо ў месцах яго складзіравання і захоўвання.

На днях выратавальнікі наведалі шэраг гаспадарак раёна з мэтай маніторынгу і праверкі на выкананне  патрабаванняў правіл пажарнай бяспекі падчас сенакашэння, падвозу, пагрузцы і выгрузцы сена, а таксама  адпаведнасці супрацьпажарным патрабаванням стану сенасховішчаў.

Некалькі дзясяткаў спрасаванага ў рулоны сена звезены у сенасклад сельскагаспадарчага ўчастка “Воля” ААТ “Івацэвічыагратэхсервіс”.  Побач усталявана ёмістасць для вады ў мэтах пажаратушэння, прымацавана вядро, пафарбаванае ў ярка-чырвоны колер. Толькі ёмістасць запоўнена напалову і дацягнуцца рукой, каб зачарпнуць вады ў вядро практычна немагчыма. Загадчыца фермы запэўніла нас, што як толькі работы па падвозе сена ў сенасклад актывізіруюцца, то вады ў ёмістасць дабавяць. А яшчэ тут трэба абкасіць тэрыторыю вакол сенасклада, бо  буйная расліннасць у спёку падсохне і створыць пагрозу гарэння і перакідвання агню на складзенае сена. Застаецца не вырашаным пытанне наконт аховы сенасклада вартаўнікамі з жывёлаводчай фермы.

У СВК “Косава” сена ў сенасховішча на час нашага прыезду яшчэ не звозілі, але і само сенасховішча на тэрыторыі фермы ў Старажоўшчыне яшчэ як след не падрыхтавана да складзіравання сена. Найперш, трэба паспяшацца з рамонтам маланкааховы, абкасіць расліннасць, ёмістасць запоўніць вадой і ўсталяваць тут хоць нешта кшталту вядра. Варта правесці дадатковыя інструктажы аб выкананні супрацьпажарных патрабаванняў падчас корманарыхтоўкі з усімі, хто заняты на гэтай адказнай рабоце.

У СВК “Квасевічы” спрасаванае ў рулоны і поліэтылен сена пакуль застаецца на лузе. Тэхніка задзейнічана на іншых палявых работах і звозіць сена плануюць пазней.  Разам з інжынерам па тэхніцы бяспекі гаспадаркі А.Я. Кульбай мы агледзелі сенасховішчы у в. Ёдчыкі, а таксама некаторую тэхніку, задзейнічаную на сенанарыхтоўцы і якую мы засталі на тэрыторыі механічнай майстэрні ў Квасевічах. Што да сенасховішчаў, то іх тырыторыю таксама трэба абкасіць, скрыню папоўніць пяском, а ёмістасці ўжо стаяць з вадой. Зрэшты, добра было б сродкі пажаратушэння ўтрымліваць спраўнымі пастаянна, бо тут яшчэ даволі многа мінулагодняга сена і саломы ў рулонах. Трактар з рулонным прэспадборшчыкам укамплектаваны двума парашковымі вогнетушыцелямі, адзін з якіх зручна замацаваны каля кабіны, а другі знаходзіцца ў кабіне. На ферме  ў Ёдчыках мы таксама пабачылі трактар-пагрузчык, які падвозіць ад сенасховішча леташнюю салому ў летнія выгулы жывёлы. Ён таксама забяспечаны вогнетушыцелем і абсталяваны іскрагасільнікам.

А вось у СВК “Мілейкі” тыя трактары і рулонныя прэспадборшчыкі, якія былі агледжаны на тэрыторыі мехдвара, не маюць аніякіх сродкаў пажаратушэння. Аналагічная сітуацыя ў філіяле “Дабромысль” ААТ “Брэст-травы” і ЗТАА “Белагракультура”. У апошняй на пачатак сенакашэння вогнетушыцелі, якімі забяспечана сенаўборачная сельгастэхніка, не прайшлі праверку, тэхніка не ўкамплектаваная іскрагасільнікамі. Трывогу выклікае стан сенасклада, на якім маланкаахова няспраўная. Дарэчы, у Быцені ўжо не аднойчы мелі месца пажары ў сенасховішчах і таму варта было б падвоіць адказнасць за выкананне супрацьпажарных патрабаванняў.

Сельскагаспадарчая тэхніка філіяла “Дабромысль” ТАА “Брэст-травы” наогул не забяспечана вогнетушыцелямі і іскрагасільнікамі. Горш таго: да работы дапушчаны трактар з выразнымі няспраўнасцямі ў паліўнай сістэме і пры рабоце трактара  адбываецца расцяканне дызельнага паліва.

Не давялося пабачыць ні вогнетушыцеляў, ні іскрагасільнікаў на тэхніцы і ў СВК “Пагор’е”. Сенасклад у в. Наліўкі ніяк не абаронены ад магчымага ўдару маланкі, а ўстаноўленая побач ёмістасць для вады пустая, хоць ў нутры сенасклада –  леташняе сена. Як ні дзіўна, але ў гаспадарцы прыступілі да работ па кормавытворчасці без папярэдняга правядзення  інструктажаў.

У некаторых гаспадарках не надаецца належнай увагі за вільготнасцю нарыхтаванага і складзенага на захоўванне сена. Напрыклад, у СВК “Падстарынь”  няспраўныя прыборы для замеру вільготнасці, а паказанні не рэгіструюцца ў адпаведным  журнале. Варта памятаць, што пераўвільготненае сена, складзенае ў сенаскладзе, мае асаблівасць самаўзгарацца…

Зусім іншы малюнак у СВК “Святая Воля”: уся тэхніка, якая звязана з касьбой траў,  нарыхтоўкай сенажу, а тым болей – сена, укамплектавана спраўнымі вогнетушыцелямі і іскрагасільнікамі, а працуючыя на ёй механізатары маюць пэўныя навыкі па прымяненні тых жа вогнетушыцеляў. Акрамя ўсталяванай для мэт пажаратушэння ёмістасці з вадой каля сенасховішча ў Вялікай Гаці, у складзе на ўваходзе на сценах зручна замацаваныя і парашковыя вогнетушыцелі. Тая ж бочка з вадой мае накрыўку, што  перашкаджае пападанню ў ваду ўсялякага смецця. Сама тэрыторыя наўкол сенасклада прыбраная.

Не выклікаў нараканняў і супрацьпажарны стан сельгастэхнікі, якая працуе на нарыхтоўцы сена і ў СВУ “Даманава”.

Кіраўнікам і іншым адказным службовым асобам сельгаспрадпрыемстваў трэба ў найкарацейшыя тэрміны выправіць становішча і ўхіліць выяўленыя недахопы.

 

Віталій Дыдышка, першы намеснік начальніка  райаддзела па НС,

 

Валерый Молаш, старшы  інспектар групы  прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

 

           

 

           

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий