Сход у Жытліне — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Сход у Жытліне

article2584.jpg

 11 ліпеня ў невялікай вёсцы Жытлін аднайменнага сельвыканкама здарылася трагедыя: ва ўласнай хаце, якая дасталася па спадчыне пасля смерці маці, задыхнуўся ў дыме 50-гадовы мясцовы жыхар. Жыў ён адзін, нідзе не працаваў, меў нястрымную схільнасць да алкаголю, а за некалькі апошніх гадоў жыцця стаў у дабавак і заядлым курцом. Адкрытага гарэння ў хаце не было, пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні да месца так званага пажару не выклікаліся. Але прагарэлага маленькага дыванчыка каля ложка было дастаткова, каб мужчына загінуў. Прычынай здарэння і аказалася яго ўласная неахайнасць пры  курэнні.

Гэта здарэнне і паслужыла падставай, каб сабрацца і абмеркаваць проціпажарны стан вёскі, у якой, дарэчы, жыве каля 80-ці чалавек, а таксама стаўленне людзей да выканання процівапажарных норм і правіл. На сход вяскоўцаў сабралі ў мясцовым магазіне. На сустрэчу з Жытлінцамі прыехалі старшы інжынер ІНіП Івацэвіцкага райаддзела па НС Павел Церашчук, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела Валерый Молаш, старшыня Жытлінскага сельвыканкама Пётр Свібовіч,  участковы міліцыянер.

Гутарка аказалася грунтоўнай і, хочацца верыць,  –  карыснай. Людзі шчыра заклапочаны нядаўняй трагедыяй, як і тым негатывам, што ёй папярэднічаў. Хвалюе грамадзян  і супрацьпажарны станх уласных дамоў, гаспадарчых пабудоў. Тут жа былі абмеркаваны пытанні бяспечнай эксплуатацыі электрабытавых і газавых прыбораў, пячнога абсталявання. Асобна гаварылася аб недапушчэнні пакідаць без нагляду малых дзяцей, якіх прывезлі ў вёску да бабуль-дзядуль з розных куткоў рэспублікі. Нямала было сказана аб каштоўнасці аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Хаця адна з жанчын настойліва патрабавала, каб ёй устанавілі апавяшчальнік бесплатна. Як высветлілася, яе дзеці жывуць у суседняй вёсцы і, вядома ж, могуць і павінны праявіць клопат і зрабіць жыццё і жыллё сваёй маці болей бяспечным.

Яшчэ пажадана, каб жыхары вёсак былі болей чулымі і спагадлівымі ў стасунках з суседзямі. Напрыканцы сустрэчы кожны з прысутных атрымаў абгрунтаваныя адказы на свае пытанни, а для большага замацавання пачутага ўсім раздалі тэматычныя буклеты і брашуры.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий