Што паказаў начны рэйд выратавальнікаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Што паказаў начны рэйд выратавальнікаў

23 февраля 2015 - ppppp
article1525.jpg


Згодна статыстычным дадзеным значная большасць пажараў на тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў здарецца ў цёмны час сутак. Таму супрацоўнікамі райаддзела па НС  быў праведзены начны рэйд-праверка  жывёлагадоўчых фермаў і механічных майстэрняў некаторых СВК раёна.

Першым аб’ектам  увагі выратавальнікаў стала  ферма “Цэнтральная” СВК “Любішчыцы”. А дзевятай гадзіне вечара ферму пакідалі пасля вячэрняй дойкі  даяркі. Тэрыторыя фермы не асвятляецца і таму большасць работнікаў карыстаюцца карманнымі ліхтарамі.  У падсобным памяшканні металічная печ-буржуйка, у ёй паліцца. Печ самаробная, яе тапліўнік не мае дзверкаў, а проста прыкрываецца тым кавалкам металу, які быў выразаны з ёмістасці пасля ўтварэння так званага  тапліўніка. Тут жа спрабуем знайсці вогнетушыцель. На дапамогу прыходзіць слесар, які спрытна раскідвае завалы і выцягвае парашковы вогнетушыцель на свет. Выклікае абгрунтаваную трывогу стан электраабсталявання жывёлагадоўчых памяшканняў: правады не замацаваны да сцен і столі, злучаны паміж сабой скруткай, на канцах злучэнняў няма ніякай ізаляцыі, у тым жа подсобным памяшканні электраразмеркавальныя каробкі не накрыты накрыўкамі, а электралямпачкі без ахоўных плафонаў, не замацаваны электраразеткі нават у бытоўцы вартаўнікоў. На некаторых бакавых свяцільніках у кароўніках птушкі зрабілі сабе гнёзды. А адчыняць электраразмеркавальныя шчыткі здаецца нават небяспечным з-за магчымага паражэння электратокам. Каля аднаго з кароўнікаў перад уваходнымі варотамі ляжаць рулоны сена, што недапушчальна, бо ў выпадку ўзгарання эвакуіраваць жывёлу будзе немагчыма. Варта помніць, што тыя ж каровы і коні вельмі баяцца агню.

Аднаго з вартаўнікоў Міхаіла Дабрынца мы засталі ў бытоўцы. Мужчына валодае пэўнымі ведамі наконт дзеянняў у выпадку пажару, ведае нумары выкліку пажарных, а вось наконт карыстання вогнетушыцелем узніклі праблемы, бо той знаходзіцца ў зачыненым у начны час кабінеце загадчыцы фермы. Ды і ці дастаткова тых двух-трох вогнетушыцеляў для гэтай фермы?

На гадзінніку каля 22-х гадзін. Ферма “Старажоўшчына” СВК “Косава”. Тэрыторыя асвятляецца ліхтарамі, размешчанымі над уваходнымі варотамі ў новы кароўнік. Ні на тэрыторыі, ні ўнутры будынка нікога няма. Побач з кароўнікамі размешчаны сенасклад. Яго сятчатыя вароты расчынены насцеж, а гэта тоіць небяспеку.

Пераязджаем у Мілейкі, уваходзім на тэрыторыю жывелагадоўчай фермы аднаіменнага СВК. Зазначым, што уязныя вароты на тэрыторыю зачынены, злучаны звязаным дротам. Абыйшоўшы першы будынак занепакоіліся, бо нікога не пабачылі (няўжо сітуацыя аналагічная Старажоўшчыне?). Накіроўваемся да другога будынка і раптам чуем моцны, упэўнены мужчынскі голас: ”Хто там ходзіць? Каго шукаеце?”. Гэтак жа гучна прадстаўляемся ў адказ і пытаемся, а хто ж вы такія, бо ў свеце ліхтара вырысоўваецца дзве мужчынскія постаці. Высвятляецца, што гэта абыходзяць дазорам ферму вартаўнік Канстанцін Каспяровіч і качагар.  Канстанцін Уладзіміравіч на самой справе занепакоены надзейнай захаванасцю даручанага аб’екта, бо, як ён мяркуе, ферма каля дарогі, літаральна на ўездзе ў вёску і гэта стварае ўмовы для пранікнення сюды аматараў лёгкай спажывы. Канстанцін Уладзіміравіч мае доступ да тэлефона, ведае свае абавязкі на выпадак узнікнення пажару, ведае месцы растаноўкі вогнетушыцеляў, а вось пры скарыстані яго парушае паслядоўнасць дзеянняў. Добрыя веды наконт дзеянняў пры пажары паказаў і качагар.

Наступным аб’ектам нашай увагі сталі механічныя майстэрні. Тут вартаўніку Рыгору Мелянчуку дапамагаюць у ахове два сабакі, адзін з якіх на ланцугу. Мужчына мае ключы ад памяшкання, дзе месціцца тэлефонны апарат, ды і сам мае мабільны тэлефон. Як патэлефанаваць, каб паклікаць на дапамогу таксама ведае.

Зноў накіроўваемся да фермы СВК “Косава”, што ў Бялавічах. На тэрыторыі адзіны ліхтар. Перад варотамі кароўнікаў звалены рулоны сена, сена літаральна навалена і на праходах у кароўніках. Унутры памяшканняў святла няма, лямпачкі не зачынены плафонамі, у эленктрашчытку – “жучкі”. І навокал – нікога.

Недзе а палове другой гадзіны ночы пад’язджаем да фермы у вёсцы Заполле таго ж СВК “Косава”. І тут адзіны ліхтар на ўсю тэрыторыю. Увагу прыцягвае вагончык з расчыненымі дзвярыма. Уваходзім. Для зручнасці тут усталявана два матрацы, парожнія бутэлькі з-пад таннага віна і гарэлкі, мноства абгарэлых запалак, пакамечаных цыгарэтных пачкаў. Як ні сумна, але менавта ў такім вагончыку, перавезеным з выгану пасля летняга пашавага перыяду на тэрыторыю фермы СВК “Пагор’е” колькі год таму загінуў пры пажары мужчына. Таму калі і прынята рашэнне пакінуць вагон-бытоўку на тэрыторыі фермаў ці майстэрань, то уваход сюды павінен быць заблакіраваны.

Што тычыцца нашага далейшага агляду Запалянскай фермы, то тут гарыць святло амаль паўсюдна, ўключаючы не толькі памяшканні кароўнікаў, але і бытавыя. У тым жа бытавым памяшканні, якое мае даволі прыглядны ў эстэтычным плане выгляд, побач з канапай стаіць уключаны ў электрасетку электраабагравальнік, пакінуты немаведама на які час без нагляду. На падлакотніку мяккага крэсла ўсталявана бляшанка з-пад кавы, а ў ёй – акуркі.

У памяшканні кароўніка амаль усе электралямпачкі не маюць плафонаў, на праходах каля кармушак многа сена і саломы, а на адным з праходаў стаіць колавы трактар, што рабіць катэгарычна забараняецца. Дзверы ў электрашчытавую адчынены. У суседнім будынку месцяца малыя цяляткі. Тут жа трактарны прычэп і дошкі, з якіх робяць клеткі для цялят. Усё гэта – грубыя парушэнні. Ні на тэрыторыі, ні ў памяшканнях нікога на той час не аказалася. Спробы з нашага боку некага даклікацца станоўчага рэзультату не далі.

            Вынікі рэйду сумныя. Часткова супакойвае той факт, што праведзеныя на працягу дзвюх начэй рэйды-праверкі аховы аб’ектаў сельгасвытворчасці паказалі, што ў большасці гаспадарак да аховы давераных будынкаў і памяшканняў вартаўнікі, як і самі кіраўнікі, ставяцца адказна. Дзе ж верх бярэ абыякавасць, там складаліся адміністрацыйныя пратаколы, напісаны прадстаўленні.

 

Віталь Дыдышка, першы намеснік начальніка Івацэвіцкага райаддзела па НС.

Валерый Молаш, ст. інспектор ГПіН райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий