Шэсць пажараў з пачатку новага года — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Шэсць пажараў з пачатку новага года

10 января 2018 - Александра Джежора
article3647.jpg

 Сапраўдны ўсплёск пажараў назіраецца ў нашым раёне  з першых дзён новага  года. Прычыны іх узнікнення розныя, аднак такая колькасць вогненных здарэнняў насцярожвае.

Так, ужо ў ноч на 1 студзеня адбыўся пажар у драўляным жылым доме пенсіянеркі, жыхаркі Быцені. Агнём нязначна пашкоджаны дах і перакрыццё дома. Абставіны, якія паўплывалі на ўзнікненне пажару канчаткова пакуль не высветлены.

Гаспадарчы хлеў на падворку ў Целяханах таксама аказаўся пашкоджаным агнём. Прычына гэтага здарэння – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Начны пажар у агр. Даманава (а палове трэцяй на 8 студзеня), які адбыўся ў цагляным жылым доме мясцовага жыхара таксама пашкодзіў дах пабудовы. Мяркуецца, што і ў дадзеным выпадку прычына здарэння крыецца ў непаладках электраабсталявання.

Адразу тры пажары адбылося ў раёне на працягу сутак 9 студзеня. Ранкам, а палове восьмай здарыўся пажар у драўляным гаражы, які належыць жыхару агр. Любішчыцы. Прычына здарэння – парушэнне правілаў эксплуатацыі электраабсталявання: гаспадары пакінулі без нагляду ўключаны ў электрасетку для зарадкі акамулятар.

Сярод белага дня загарэлася гаспадарчая пабудова, дзе былі складзеныя дровы на сядзібе жыхаркі вёскі Вялікая Гаць. Агнём пашкоджаны дах будыніны, дровы.  Такі кошт нечыей неахайнасці пры абыходжання з агнём, а дакладная прычына здарэння ўстанаўліваецца.

Каля 23-х гадзін вечара чарговы трывожны выклік аб дапамозе на гэты раз паклікаў выратавальнікаў у Гошчава. Тут пажар здарыўся ў драўляным доме мясцовага пенсіянера. Як стала вядома, гаспадар распаліў печ і пакінуў яе без нагляду, сышоўшы да суседзяў. Лёгкадумства дорага каштавала састарэламу чалавеку, які пасярод зімы застаўся ў прамым сэнсе без даху над галавой, бо дах, перакрыццё, а таксама іншая маёмасць у хаце аказаліся значна пашкоджанымі агнём.

Выратавальнікі звяртаюцца да жыхароў раёна з просьбай быць пастаянна пільнымі і абачлівымі каля агню. Мы амаль адвыклі ад зімовых маразоў, таму нават нязначнае пахаладанне здаецца нам нясцерпнай сцюжай, а як вынік – паленне печаў і эксплуатацыя электраабагравальнікаў, што называецца, на ўсю моц. Вынік спробы хутка сагрэцца часам плачэўны і каб не давялося грэцца на папялішчы, варта ўсім уладальнікам печаў быць болей уважлівымі каля іх, а таксама зважаць на меры перасцярогі пры карыстанні ацяпляльнымі катламі, электраабагравальнікамі.

Не страчвайце асцярожнасць пры карыстанні любымі крыніцамі агню. Засцеражыцеся ад пажару, якімі часам абарачаецца  неахайнае курэнне.  Сачыце за спраўнасцю эксплуатуемых электрапрыбораў і станам электраправодкі ў сваім доме ці кватэры. Не перагружайце электрасетку, уключаючы адначасова некалькі электрапрыбораў пры дапамозе трайнікоў не пакідайце ўключаныя электрапрыборы без нагляду. Пазбягайце карыстання падаўжальнікамі немаведама якой вытворчасці, бо нярэдка рэгіструюцца ўзгаранні, калі  загараецца менавіта падаўжальнік, пры гэтым гарыць-плавіцца шнур па ўсёй даўжыні. З самага ранняга ўзросту вучыце мерам супрацьпажарнай бяспекі сваіх малалетніх дзяцей і ўнукаў.

Жывіце бяспечна, беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

Комментарии (0)
Добавить комментарий