Статыстыка не радуе — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Статыстыка не радуе

article3798.jpg

 У раёне па-ранейшаму захоўваецца складаная абстаноўка з пажарамі: па стане на 3 сакавіка ў населеных пунктах зарэгістравана 21 вогненнае здарэнне, на працягу лютага адбылося 11 пажараў. Для параўнання, летась на працягу першых двух месяцаў года адбылося ўсяго 6 пажараў і толькі адзін – у лютым. Летась ахвярай пажару стаў адзін чалавек, сёлета маем ужо дваіх загінуўшых: у Вольцы і Верашках. Абодва загінуўшыя сталі ахвярамі ўласнай абыякавасці і бяспечнасці пры карыстанні агнём падчас курэння.

Прычынай большасці пажараў паслужыла неасцярожнае абыходжанне з агнём (9 выпадкаў). Няспраўныя печы альбо парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры іх паленні выклікалі 7 пажараў. Да прыкладу, дапушчаны перапал няспраўнай печы (адсутнасць супрацьпажарных адступак) выклікаў пажар у жылым доме ў в. Жытлін. У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце і маёмасць у хаце. Пры гэтым здарэнне адбылося каля двух гадзін дня. Аналагічны начны пажар мог бы мець куды больш сумны вынік.

Увогуле аб патрабаваннях мер перасцярогі пры паленні печаў сказана і напісана даволі многа, аднак некаторыя грамадзяне груба ігнаруюць такія патрабаванні, а значыць і зусім не клапоцяцца аб уласнай бяспецы, бяспецы сваіх родных, свайго жылля. Так, у перадапошні лютаўскі дзень здарыўся пажар у Выганашчах, дзе полымя абхапіла дашчанае гаспадарчае збудаванне. Аказалася, што гаспадары непадалёку гэтага збудавання высыпалі попел з гаручым вуголлем, апошняе, раздзьмутае ветрам, і стала прычынай пажару.

Пры гэтым выратавальнікамі раёна з пачатку года абследавана болей за паўтары тысячы домаўладанняў грамадзян, у ходзе якіх мерам супрацьпажарнай бяспекі праінструктавана амаль дзве з паловай тысячы чалавек. З ліку абследаваных 1272 дамы адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў, 211 домаўладанняў шматдзетных сем’яў і 16 сем’яў, дзеці ў якіх прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным стане. Прадстаўнікамі райаддзела па НС наведаны 167 домаўладанняў, дзе выхоўваюцца малалетнія дзеці і 19 дамоў і кватэр злоўжываючых спіртнымі напоямі грамадзян. І далёка не заўсёды гэты наведванні абыходзіліся толькі ўшчуваннямі ці папярэджаннямі.

Аднак, насамрэч, кожны чалавек першачаргова павінен сам прывесці сваё жыллё ў пажарабяспечны стан, а разам і уся сям’я строга і няўхільна выконваць супрацьпажарныя патрабаванні. Толькі адказнае стаўленне да асноў бяспечнай жыццядзейнасці дапаможа выхаваць культуру бяспекі ў свядомасці грамадзян і гарантаваць іх бяспеку.

Жывіце бяспечна, беражыце сябе і сваіх родных.

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддела па НС. 

Комментарии (0)
Добавить комментарий