Сумесны рэйд — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Сумесны рэйд

17 апреля 2018 - Александра Джежора
article3907.jpg

 Сапраўдны дэсант з ліку прадстаўнікоў Брэсцкага абласнога УМНС высадзіўся ў суботу, 14 красавіка, у Івацэвіцкім раёне ў дапамогу мясцовым выратавальнікам. Тут быў арганізаваны сумесны рэйд-маніторынг супрацьпажарнага стану жылля жыхароў населеных пунктаў Дабромысельскага сельвыканкама: пасёлка Югалін, вёсак Дабромысель і Селец. У апошняй, дарэчы, у сакавіку падчас начнога пажару загінулі два чалавекі. Менавіта гэтае здарэнне і з’явілася падставай для правядзення такога шырокамаштабнага пажарна-прафілактычнага мерапрыемства,  абумоўленага рэспубліканскай акцыяй “За бяспеку разам!”, мэта якой – папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх.

Пад пільнай увагай выратавальнікаў у першую чаргу былі дамы адзінока пражываючых і адзінокіх састарэлых грамадзян, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і сем’яў, дзе дзеці прызнаныя знаходзячыміся ў сацыяльна-небяспечным стане, а таксама тых асоб, якія кураць і схільныя да злоўжывання моцнымі спіртнымі напоямі.

Вядома, асаблівы акцэнт падчас маніторынгу зроблены на складнікі пажарабяспечнасці жылля вяскоўцаў, пачынаючы ад электраабсталявання і прыбораў ацяплення, у тым ліку эксплуатуемых ў дамах бытавых электрапрыбораў і заканчваючы ўласнымі паводзінамі грамадзян-домаўладальнікаў.

У кожнай наведанай хаце прадстаўнікі службы выратавання пакідалі не толькі тэматычныя памяткі і буклеты, былі і складзеныя рэкамендацыі, накіраваныя на хутчэйшае выпраўленне становішча, былі і пратаколы аб адміністрацыйнай адказнасці за выяўленыя парушэнні. А значыць некаму прыйдзецца раскашэліцца за выяўленыя падчас маніторынгу парушэнні правілаў пажарнай бяспекі.

Не засталіся не заўважанымі выратавальнікамі і работы вяскоўцаў па навядзенні чысціні і парадку на сваіх падворках. А наводзіўся гэты так званы марафет у асноўным з дапамогай агню. І зноў парушэнні, бо недзе вогнішча з распаленым смеццем гарыць-палае ў трох-пяці метрах каля драўлянага плоту ці гаспадарчага хлява, недзе распалена на сухой траве, а нехта наогул пакінуў свой  касцёр без нагляду на волю лёсу. У такіх выпадках таксама не абыйшлося без прадаколаў аб адміністрацыйнай адказнасці.

Дарэчы, за тры выхадныя дні 15-17 красавіка выратавальнікі рэспублікі атрымалі 199 выклікаў на ліквідацыю гарэння сухой травы.

Трэба кожнаму імкнуцца жыць бяспечна, а значыць бяспечным павінен быць стан жылля і культура бяспекі павінна стаць неад’емнай часткай выхавання і грамадзянскай адказнасці кожнага жыхара.

Валерый МОЛАШ, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

Комментарии (0)
Добавить комментарий