Традыцыйны баль — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Традыцыйны баль

20 января 2018 - Александра Джежора
article3668.jpg

 Традыцыйны “Баль юных выратавальнікаў” адбыўся ў Івацэвіцкім ГДК з нагоды  прафесійнага свята – Дня выратавальніка. На гэты раз сюды былі запрошаны прадстаўнікі чатырнаццаці  сярэдніх школ раёна, Руднянскай базавай школы, а таксама выхаванцы Целяханскай школы-інтэрната і Быценскага дзіцячага дома. Запрашэнне на баль атрымалі  прадстаўнікі лепшых школьных клубаў юных выратавальнікаў-пажарных і пярвічных школьных арганізацый БМГАВП.

Для гасцей мерапрыемства былі прыгатаваны сталы з рознымі прысмакамі і гульнёва-забаўляльная праграма. Дарэчы, адпаведна сцэнарыю  дадатныя героі  з дапамогай запрошаных дзяцей перашкаджалі шкодзіць Бабе Язе і Кашчэю Бессмяротнаму, якія ўвесь час імкнуліся сапсаваць святочны настрой прысутных. Сцэнарый свята падрыхтаваны педагогам-арганізатарам ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Алай Олкавай, а вучні гэтай школы выканалі  ўсе  ролі. Створаныя імі вобразы былі даволі блізкія да рэальных, што прывяло ў захапленне большасць прысутных у зале. Было яшчэ і мноства гульняў і конкурсаў з прызамі, а закончылася свята вясёлай дыскатэкай.

Акрамя школьнікаў у ліку запрошаных былі і дарослыя. Так, з прывітальным словам да юных выратавальнікаў звярнуліся начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васілій Бацкалевіч,  начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі “Выратавальнік”  Міхаіл Кавальчук.

 У сваёй прамове Васілій Бацкалевіч падзякаваў настаўнікам і дзецям за праводзімую прафілактычную работу  ў сваіх установах адукацыі, і па месцы жыхарства. Былі агучаны і прозвішчы самых актыўных прадстаўнікоў раённага аддзялення БМГАВП.  А гэта вучні ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы” браты Іван і Вадзім Кулінічы, Мікалай Куратнік, Віталій Кот, Кірыл Сцяпанаў, Сцяпан Шпакоўскі, прадстаўнікі СШ №4 г.Івацэвічы Ангеліна Касцюк, Стас Мазур, Кацярына Якавенка і Мікіта Ігнатаў. Дарэчы, Мікіта і на  гэтым мерапрымстве цудоўна справіўся з ускладзенымі на яго абавязкамі: у касцюме “Вогнетушыцеля” ён сустракаў і рассаджваў за столікі запрошаных гасцей, узнагароджваў пераможцаў у гульнях і конкурсах.

Былі і самыя галоўныя ўзнагароды. Так, ліст падзякі  ад райаддзела па НС Васілій Бацкалевіч уручыў прадстаўнікам КЮВП “Праметэй” ДУА “Любішчыцкай СШ” за прапаганду правілаў бяспечнай жыццядзейнасці сярод дзяцей і дарослых. Дыпломы атрымалі прадстаўнікі КЮВП “Агеньчык” ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” , “Выратавальнікі” ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы” і “Праметэй” ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”. Пераходзячы Кубак на лепшую арганізацыю работы КЮВП зноў застаўся ў ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”. Для гэтага маюцца важкія падставы: Валерыя Шавель, вучаніца гэтай шклы летась у ліку трох прадстаўнікоў вобласці атрымала ўзнагароду ў рэспубліканскім заключным этапе агляду-конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей” з рук міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Вашчанкі, пераможцамі ў раённай алімпіядзе па АБЖ сталі большасць вучняў чацвёртай школы і, нарэшце, актывісты БМГАВП з ліку старшакласнікаў гэтай школы сёлета бралі ўдзел у сямі рэспубліканскіх акцыях з васьмі прапанаваных. Узнагароды дапаўняліся камплектамі мячоў.

Былі віншаванні выратавальнікам-прафесіяналам  і ад  гасцей. Так, прысутным на свяце даспадобы прыйшліся песні-віншаванні ад юных выратавальнікаў з Даманаўскай, Целяханскай і СШ №1 г.Івацэвічы, рытмічны танец ад юных вогнеборцаў з Рэчкаўскай  школы, павучальныя, а то і жартаўлівыя сцэнкі ад прадстаўнікоў КЮВП Стайкаўскай СШ, а таксама СШ №3 і СШ №4 райцэнтра.

 

Ну, а які ж баль без сапраўднага  вальса. Яго выканалі адзінаццацікласнікі ДУА “СШ№ 4 г. Івацэвічы”.

Арганізатары мерапрыемства выказваюць шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства прыватным прадпрымальнікам з Івацэвічаў, Рэчак і Быцені, а таксама работнікам Івацэвіцкага ГДК.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий