Трагедыя ў Падстарыні і высновы з яе — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Трагедыя ў Падстарыні і высновы з яе

29 октября 2015 - Administrator
article2032.jpg

 Сярод белага дня (трывожны сігнал выратавальнікам паступіў амаль а палове другой) здарылася трагедыя ў адным з дамоў у аграгарадку Падстарынь. Ранак у гэтай сям’і (а гэта гаспадыня дома, яе грамадзянскі муж і яго маці) пачынаўся, як звычайна, з паўсядзённых клопатаў. Далей, пакінуўшы на нагляд пажылой жанчыны распаленую печ, малодшыя разышліся па справах.


Прыйшоўшы дамоў у абедзенны перапынак, гаспадыня пабачыла моцна задымленыя пакоі, а на падлозе ляжала свякроў. Жанчына падхапіла бабулю і выцягнула на вуліцу, аднак у выніку атручэння чадам яна загінула. Пажар, калі можна так назваць прагарэлае перакрыццё каля печы плошчай 1,5 м на 1,5 м ды абгарэлую дошку з дзвярной каробкі, пажарныя ліквідавалі хутка. Закопчанай засталася і маёмасць у хаце.
Першапачатковае меркаванне, што прычынай пажару і гібелі жанчыны, 1936 г.н., з’яўляецца перапал печы. Магчыма, бабуля яшчэ сама падкінула дроў, а потым прылегла і заснула. Дарэчы, з-за хваробы ног яна дрэнна хадзіла. Гэта першая ахвяра ацяпляльнага сезону.
Зрэшты, пажары ў быце, гэта значыць у прыватных домаўладаннях грамадзян і гаспадарчых пабудовах, пераважаюць над грамадскім сектарам. Да прыкладу, за дзевяць месяцаў бягучага года такіх вогненных здарэнняў зарэгістравана было 39, ужо тры пажары адбылося па стане на 20 кастрычніка. А вось на працягу верасня на тэрыторыі раёна пажараў зарэгістравана не было. 

На жаль, пажар у доме ці кватэры – не рэдкасць і прыносіць вялізныя матэрыяльныя страты. Часам на такіх пажарах гінуць
і самі ўладальнікі жылля. Але ў большасці выпадкаў пажар можна было б ліквідаваць у яго самай пачатковай стадыі. Толькі неабдуманыя і няправільныя дзеянні часта намнога ўскладняюць сітуацыю.  Тыя ж разбітыя ў паніцы вокны заўсёды абарочваюцца не дапамогай, а сапраўдным бедствам, бо полымя праз аконныя праёмы перакрывае падыход да акна і звонку, і знутры, забяспечвае ўзгаранне кіслародам.
Давайце разгледзім самыя верагодныя прычыны ўзнікнення пажараў у доме ці кватэры і запомнім, як трэба дзейнічаць.

Загарэўся тэлевізар ці іншы бытавы электрапрыбор – адразу адключыце яго ад электрасеткі (лепей абясточыць усю кватэру). Паведаміце па тэлефоне “101” аб пажары. Калі ж і пасля адключэння тэлевізар працягвае гарэць, то накрыйце яго коўдрай ці пакрывалам, альбо заліце вадой праз адтуліны ў задняй сценцы. Зрэшты, кожны электрапрыбор пажаранебяспечны.
Калі загарэліся шторы – смела зрывайце іх з карнізаў і спрабуйце затаптаць агонь альбо кіньце ў ванну і заліце вадой. Пасцельныя рэчы тушаць гэтак жа.

Калі на патэльні загарэліся алей ці тлушч (што не рэдкасць), то найперш адключыце газ, накрыйце патэльню накрыўкай ці ручніком, пажадана мокрым. Пры пападанні палаючага алею ці тлушчу на падлогу ці сцены скарыстоўвайце для тушэння любы пральны парашок, зямлю з гаршчочка для кветак. Толькі не падстаўляйце патэльню пад струмень вады з-пад крана, бо гаручыя кроплі разляцяцца па ўсёй кухні.

Вы адчулі пах дыму і гару – не спадзявайцеся, што вам падалося, праверце хутчэй, ці не гарыць электраправодка, які-небудзь электрапрыбор. Калі пацягнула дымам з пад’езда шматпавярхоўкі, то высветліце прычыну.Пры гэтым, выходзячы з кватэры, зачыніце за сабою дзверы, інакш ваша кватэра імгненна напоўніцца дымам. Калі ж у пад’ездзе моцнае задымленне, вяртайцеся назад у кватэру, шчыльна зачыніце дзверы, усе шчыліны і вентыляцыйныя адтуліны “забіце” мокрымі ручнікамі, іншай тканінай. Выклікайце выратавальнікаў па нумары “101”. Калі, нягледзячы на прынятыя меры, у кватэру пранікае дым, выйдзіце на балкон (калі ёсць) і чакайце выратавальнікаў там. Не трэба спрабаваць выбегчы скрозь дым і агонь, спусціцца па звязаных прасцінах ці скочыць з акна, калі вы жывяце вышэй за другі паверх. Калі дзверы награваюцца, іх можна паліваць вадой, гэта стрымае пранікненне пажару ў вашу кватэру на некаторы час. Праверыць, ці дзверы гарачыя, трэба не хапаючыся за ручку, а дакранаючыся да дзвярнога палатна тыльным бокам далоні.

Ведайце і памятайце, што пры пажары ў кватэры ці доме немэтазгодна самастойна змагацца з пажарам, не выклікаўшы папярэдне выратавальнікаў, бо калі вы не спраўляецеся на працягу некалькіх секунд, то пажар набярэ моцы. А разлічыць свае сілы ў такой экстрэмальнай сітуацыі складана. Будзе дарэчы набыць і паставіць у памяшканні той жа кухні звычайны парашковы вогнетушыцель.

Як бы банальна ні гучаў выраз: пажар лягчэй папярэдзіць, чым патушыць – ён не губляе сваёй актуальнасці. Таму няўхільна выконвайце правілы пажарнай бяспекі, жывіце бяспечна, беражыце сябе і сваіх блізкіх.
Валерый Молаш, старшы інспектар прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.
Комментарии (0)
Добавить комментарий