Трагедыя ў вёсцы Жытлін — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Трагедыя ў вёсцы Жытлін

article2567.jpg

Яшчэ адна ахвяра неахайнага курэння, на гэты раз у вёсцы Жытлін, зарэгістравана сёлета ў раёне. Тут загінуў 50-гадовы мужчына, які нідзе не працаваў.

Калі 11 ліпеня мясцовы жыхар з ліку сябрукоў наведаўся ў дом аднавяскоўца, то адразу ж адчуў пах гару. Самога гаспадара нідзе не было. Яго цела без усялякіх прыкмет жыцця мужчына  знайшоў пад ложкам у адным з пакояў. Тут жа, каля ложка -  абгарэлая падлога і напольнае пакрыцце плошчай каля 1 м. кв., нязначна пашкоджана (закопчаная) мэбля ў тым жа пакоі. Адкрытага гарэння ў пакоі не было. Мужчына тут жа патэлефанаваў дзяжурнаму райаддзела міліцыі. Пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні да месца здарэння не выязджалі.

Разглядаецца, як верагодная прычына трагічнага здарэння – неахайнасць пры курэнні з боку самога загінуўшага. Аб стане цвярозасці загінуўшага дакладна будзе вядома крыху пазней.

У чарговы раз хочацца нагадаць аматарам курэння, што ложак ці канапа не з’яўляюцца спрыяльным месцам для курэння. Асабліва, калі леглі сюды з мэтай заснуць. Увогуле варта падвоіць, а то і патроіць свае пільнасць, увагу і абачлівасць пры карыстанні адкрытым агнём. Трэба меўшы звычку курэння прыстасавацца і да другой звычкі: абавязкова тушыць запалкі і акуркі, карыстаючыся попельніцай ці маленькай металічнай баначкай з вадой.

А ўсіх тых, хто мае сваякоў, сяброў і суседзяў, схільных да курэння, асабліва пры спалучэнні з ужываннем спіртных напояў, хачу заклікаць быць не меней пільнымі ў адносінах да іх. Часцей наведвайце іх хоць на кароткі прамежак часу, імкніцеся засцерагчы блізкіх вам людзей ад пажару і магчымай гібелі.  А яшчэ устанавіце ў іх пакоі аўтаномныя пажарныя апавяшчаьнікі, на рахунку якіх дзесяткі выратаваных жыццяў толькі ў нашым раёне.

Беражыце сябе і ўсіх тых, чыё жыццё ўяўляе для вас вялікую каштоўнасць, хто вам найбольш дарагі. І памятайце, што ў выпадку вогненага здарэння неадкладна званіце па тэлефонах “101” ці “112” у службу выратавання.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий